Былы дыпламат Павел Мацукевіч вярнуўся да тэмы выбару адзення нацвышэйшымі службовымі асобамі. Нагоду для вяртання да пратакольнай тэмы ласкава даў непратакольны верх Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта цёмная вятроўка, якая нагадвае бомбер, і белая майка. У іх ці падобных да іх ён інспектуе гаспадаркі, раёны і вобласці Беларусі, а ў панядзелак, 25 лістапада, урачыста высадзіўся ў Пакістане для здзяйснення афіцыйнага візіту ў гэтую краіну, піша Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале «Пульс Леніна-19».

На гэтым жа стылі Аляксандр Рыгоравіч пасля Ісламабада паехаў на саміт АДКБ у Астану, але пра гэта крыху пазней.
Бомбер, які крычыць
Ля трапа ў Ісламабадзе, да якога прышвартаваўся беларускі борт нумар 1, вятроўку Лукашэнкі і яго самога сустракалі пакістанская рота ганаровай варты і важныя афіцыйныя асобы абедзвюх краін. І сярод іх асабіста прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф — рэальны кіраўнік гэтай парламенцкай краіны (прэзідэнт таксама ёсць, але яго ўлада намінальная).

Усе, хто сустракаў, уключаючы пакістанскага прэм’ера, як і патрабаваў афіцыйны выпадак, былі ў строгіх касцюмах і пры гальштуках альбо ва ўніформе. Толькі Аляксандр Рыгоравіч дазволіў сабе пратакольную фрывольнасць там, дзе пратакол ніякіх вольнасцяў наогул не дапускае.
Сустрэча ў аэрапорце высокага замежнага госця ва ўсіх без выключэння краінах — важны рытуал, з якога пачынаецца візіт у краіну. Асабліва ў выпадку афіцыйнага візіту, а прыезд у Пакістан меў менавіта такі статус. Гэта значыць строгія цырымоніі і патрабаванні, у прыватнасці, да выгляду як тых, хто прыбывае, так і афіцыйных асоб, што іх сустракаюць.

Грэбаванне імі можа быць палічанае знакам непавагі з боку таго, хто імі грэбуе.
Не думаю, што Аляксандр Лукашэнка хацеў падаць такі знак свайму пакістанскаму сябру, але яго бомбер і майка зрабілі гэта за яго насуперак ягонай волі. Пакуль ён моўчкі кульгаў па прыступках трапа, яны ўсім сваім недарэчным выглядам крычалі на мове пратаколу нешта непрыстойнае.
І працягвалі крычаць, калі ён усміхаўся, паціскаючы рукі тым, хто сустракаў ля трапа.

Пакістанцы, як і варта было, праігнаравалі гэты крык. Ветлівасць і гасціннасць патрабуюць ад асобаў, якія прымаюць госця, не падаваць выгляду што да пратакольных хібаў, якія дапускаюцца гасцямі ў паводзінах ці ў вопратцы, не ладзіць з гэтай нагоды сцэн ці дэмаршаў. Тым не менш незаўважанымі такія праколы ніколі не застаюцца.
Пасля Пакістана Аляксандр Лукашэнка выправіўся ў Казахстан для ўдзелу ў саміце АДКБ. Да тых, хто сустракаў яго ля трапа ў Астане, Аляксандр Рыгоравіч выйшаў апрануты ў бомбер, што таксама не камільфо, нягледзячы на тое, што гэты візіт меў ніжэйшы статус — рабочы. Яго сустракаў прэм’ер-міністр Казахстана, і ён быў не ў бомберы.

Дарэчы, той факт, што Уладзіміра Пуціна, які прыбыў у Астану раней за Лукашэнку і іншых удзельнікаў саміту АДКБ, сустракаў асабіста прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, а не прэм’ер-міністр, як у беларускім выпадку, сам па сабе не мае ніякай крамольнай падаплёкі.
Розніца тлумачыцца тым, што прэзідэнт РФ прыбыў у Казахстан з дзяржаўным візітам, сумешчаным з удзелам у саміце, а астатнія госці, уключаючы беларускага, — толькі на саміт.
Пад выглядам дастаўшчыка піцы
Парушэнні дрэс-коду характэрныя не толькі для Лукашэнкі, які з узростам дазваляе сабе ўсё больш (і ўсё менш — краіне) свабоды ад умоўнасцяў.
Улетку падчас афіцыйнага візіту ў Лацінскую Амерыку адзначыўся прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Турнэ пачыналася з Венесуэлы. У аэрапорце Каракаса, дзе яго сустракаў міністр замежных справаў гэтай краіны, Раман Галоўчанка з’явіўся ў тым, у чым ляцеў, — у джынсах і снікерсах. Падчас фатаграфавання ля сцягоў гэтыя элементы выгляду прэм’ера глядзеліся асабліва недарэчна.

Адыходам ад пратаколу ў адзенні грашаць не толькі афіцыйныя асобы Беларусі.
Мабыць, самыя смелыя лукі, якія парушаюць пратакольныя забароны, часам дапускае адзін з самых актыўных дыпламатаў нашых дзён — міністр замежных справаў Венгрыі Петэр Сіярта. Напрыклад, неяк з візітам у Бахрэйн ён прыбыў у майцы і шортах, нібы на прабежку, а ў Кітай — у жоўтай байцы, як вясёлы дастаўшчык піцы.


Ёсць і супрацьлеглыя прыклады — наадварот вельмі трапяткога стаўлення дзяржаўных дзеячаў да пратакольных патрабаваннях да адзення. Такі прыклад дае Адольф Гітлер. У мемуарах Вальтэра Шэленберга («Лабірынт») апісваецца эпізод, калі рэйхсканцлер наведваў з візітам Італію.
Гэта травень 1938-га, Неапаль. Гітлер ужо пераапрануўся для ўрачыстага прадстаўлення ў оперы Сан-Карла, але адказныя за пратакол паведамілі, што адбыўся збой у праграме, і перад операй яму неабходна разам з італьянскім каралём прайсці ўздоўж шыхта ганаровай варты.
Часу пераапранацца не заставалася. У выніку, як пісаў Шэленберг, можна было назіраць карціну — для Гітлера вельмі непрыемную, а для публікі вельмі пацешную, — як кароль у параднай форме і Гітлер ля яго ў фраку з’явіліся на парад.
Гэты фрак каштаваў пасады начальніку пратакольнага аддзела МЗС Германіі, які быў «неадкладна зняты».
Начальнік пратакольнай службы МЗС Беларусі, які суправаджае Лукашэнку на візітах, хутчэй страціў бы сваю пасаду, калі б рызыкнуў шапнуць Аляксандру Рыгоравічу, што бомбер і майка зусім не коцяць для замежных візітаў — ні для прылёту, ні для адлёту. Не коцяць яны і для сустрэч/провадаў замежных гасцей, як гэта было, напрыклад, на провадах Пуціна ў аэрапорце Мінска ў траўні гэтага года. Шэф пратаколу не рызыкнуў.

Аднак вернемся ў Ісламабад. Гэта ўжо трэці прыезд Лукашэнкі ў Пакістан, і ўсе яны прыпадаюць на апошняе дзесяцігоддзе. Калі прасачыць эвалюцыю выгляду першай асобы Беларусі ў адказны момант прыбыцця, то лёгка зрабіць выснову, што змены не ў лепшы бок.
Упершыню Лукашэнка наведаў гэтую краіну з афіцыйным візітам у траўні 2015-га і тады вынырнуў з люка свайго самалёта ў касцюме і белай кашулі, але без гальштука, што таксама было адыходам ад пратаколу, але зусім не такім значным, як цяпер.

Наступным разам Лукашэнка пабываў у Пакістане ў кастрычніку 2016-га. У момант прыбыцця на ім быў касцюм, але месца белай кашулі заняла чорная, што яшчэ менш вязалася са статусам візіту, чым адсутнасць гальштука.

Змест двухбаковых адносін з Пакістанам — не тэма гэтага выпуску, але сёе-тое, што іх, па-мойму, нядрэнна характарызуе, усё ж прывяду як заключэнне для гэтага тэксту.
Лукашэнка даўно вызначыў развіццё замежнага гандлю як галоўную задачу беларускай дыпламатыі. І вось як з ёю спраўляюцца ўлады ў адносінах з Пакістанам.
Яшчэ ў 2015-м Лукашэнка асабіста ўбачыў перадумовы для павелічэння тавараабароту з Пакістанам да мільярда. Пра гэта ён заявіў у Мінску на беларуска-пакістанскім форуме, прымеркаваным да візіту прэм’ер-міністра Пакістана ў Беларусь.
Праз год, у 2016-м, ён пацвердзіў сваю заяву ў форме катэгарычнага даручэння: «Мы дамовіліся з прэм’ер-міністрам цягам чатырох гадоў вывесці наш тавараабарот на ўзровень 1 млрд даляраў. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады 1 млрд, не менш (больш можна), мусіць быць».
Нягледзячы на гэтае «вельмі жорсткае «даручэнне, а таксама ўсе візіты, сустрэчы і форумы, тавараабарот з Пакістанам як быў на ўзроўні 50−65 млн даляраў на год, дык там усе гэтыя гады і целяпаецца, уяўляючы сабой прыклад 10-гадовага застою. Прынамсі, у гандлі.