У аўторак, 23 студзеня, па ўсёй краіне прайшлі рэйды ў экс-палітвязняў і родных тых, хто сядзіць за палітыку. Паводле звестак праваабаронцаў, сілавікі прыйшлі мінімум да 84 чалавек. Учора ад некалькіх крыніц паступіла інфармацыя, што адной з прычын візітаў магла стаць дапамога ад праекта INeedHelpBY, які 16 студзеня КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Як сілавікі маглі выйсці на гэтых людзей?
Раней адзін з суразмоўцаў, да знаёмых якога ўчора прыходзілі сілавікі, дапусціў, што прычынай візіту магло стаць тое, што шмат месяцаў таму гэтая сям’я атрымлівала прадуктовую дапамогу ад INeedHelpBY. Пазней стала вядома, што пакупкі гэтым людзям заказвалі праз «Е-дастаўку» з «Еўраопта». Аплата ішла з-за мяжы.
Тое, што рэйды маглі быць звязаныя з пакупкамі з гэтай гандлёвай сеткі, дапусціў і тэлеграм-канал «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», апісваючы сітуацыю з рэйдамі ў сваім рэгіёне: «Паводле папярэдняй інфармацыі, у КДБ ёсць інфармацыя з „Еўраопта“ пра прадуктовыя кошыкі».
Паводле сузаснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака, рэйды сапраўды могуць быць звязаныя з прадуктовай дапамогай.
— Я мяркую, што сілавікі ідуць цяпер па спісах «Е-дастаўкі», — кажа суразмоўца. — Пры мінімальных навыках карыстання табліцамі з дадзенымі гэтага сэрвісу можна паспрабаваць вылучыць групу людзей па частаце, сумах, аб’ёмах і адрасах дастаўкі. Такую інфармацыю могуць збіраць з маркетынгавымі мэтамі і самі рытэйлеры для таго, каб лепш разумець паводзіны пакупнікоў. Потым сілавікі маглі супаставіць гэтыя звесткі са спісам палітвязняў і іх сем’яў і вызначыць самых імаверных атрымальнікаў дапамогі ад INeedHelpBY.
Стрыжак адзначае, што сістэма дапамогі INeedHelpBY мяркуе, што аплачваюць заказы розныя людзі з розных карт.
— Але, я так разумею, частку плацяжоў маглі здзяйсняць з адных і тых жа карт. Гэта датычыць тых сумаў, якія праекту заданацілі неабыякавыя людзі, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца. — Тое, што праект INeedHelpBY прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем, відаць, магло быць часткай спланаванай аперацыі. Тым не менш, нягледзячы на супрацьдзеянне сілавікоў, BYSOL працягне фінансавую падтрымку сем’яў палітвязняў з улікам дадатковых мер засцярогі ў сувязі з рэйдамі.
Ці законныя такія рэйды?
Калі хтосьці з экс-палітвязняў і сем’яў тых, хто сядзіць, і атрымліваў падтрымку ад INeedHelpBY, то гэта адбывалася яшчэ да таго, як праект прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Тады ўзнікае пытанне: а ці законна ў такім выпадку прыцягваць людзей да адказнасці?
Раней юрысты тлумачылі, што 18 чэрвеня 2021 года ўступілі ў сілу змены ў Крымінальны кодэкс. Яны закранулі і артыкул 361−2 (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Да гэтай даты назва гэтага артыкула гучала як «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання».
— Адпаведна, да 18 чэрвеня 2021 года дзейнічала такое правіла: з моманту прызнання МУС ці КДБ групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем наўмыснае яго фінансаванне з’яўляецца злачынствам, — на ўмовах ананімнасці расказваў «Люстэрку» юрыст. — Наўмыснае ў гэтым выпадку азначае, што чалавек ведаў, што група грамадзян прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Фінансавая дапамога да адпаведнай даты крымінальным злачынствам быць не можа, бо закон зваротнай сілы не мае.
Гэта значыць, што ўсе, хто данаціў у цяпер «экстрэмісцкае фармаванне» да 18 чэрвеня 2021 года, у прынцыпе не маглі парушаць закон. Аднак ёсць юрыдычная пастка.
— Да 18 чэрвеня крымінальна каральным было фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання, а пасля — ужо фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, — працягвае юрыст. — То-бок знікла гэтая ўмоўная адсечка ў выглядзе рашэння МУС ці КДБ. Улічваючы, што Закон «Пра супрацьдзеянне экстрэмізму» акрэслівае экстрэмісцкую дзейнасць вельмі шырока, на практыцы пад гэтае паняцце падводзіцца практычна любое «непажаданае» дзеянне. Адпаведна, з 18 чэрвеня 2021 года стала магчыма прыцягваць грамадзян да крымінальнай адказнасці за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці без адпаведнага рашэння МУС ці КДБ.
Варта адзначыць, што і пасля 18 чэрвеня захаваўся абавязковы элемент гэтага злачынства — заведамасць. Гэта прадугледжвае, што чалавек яшчэ да здзяйснення фінансавання мусіць ведаць, што яго грошы будуць выдаткаваныя на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці.
— На жаль, на практыцы цяжар даказвання «заведамасці» часта зводзіцца да нуля, — адзначаў суразмоўца.
Чытайце таксама