Ізраільская армія пачала наносіць удары па аб’ектах «Хезбалы» ў Ліване, павеламілі ў прэс-службе ЦАХАЛ.
«У цяперашні час ЦАХАЛ наносіць удары па „Хезбале“ ў Ліване з мэтай паслаблення тэрарыстычных магчымасцяў і знішчэння вайсковай інфраструктуры арганізацыі. Тэрарыстычная арганізацыя „Хезбала“ ператварыла Паўднёвы Ліван у зону баявых дзеянняў, дзесяцігоддзямі размяшчаючы зброю ў дамах мірных жыхароў, капаючы пад імі тунэлі і выкарыстоўваючы іх у якасці жывога шчыта. ЦАХАЛ дзейнічае дзеля бяспекі на поўначы, каб мясцовыя жыхары маглі вярнуцца ў свае дамы, а таксама для дасягнення ўсіх астатніх мэтаў вайны», — гаворыцца ў паведамленні.
Як піша ізраільскае выданне Ynet, удары ЦАХАЛ супалі па часе з выступам генеральнага сакратара «Хезбалы» Хасана Насралы, прысвечаным нядаўнім выбухам пэйджараў і радыёстанцый, якія выкарыстоўваліся баевікамі.
У сваім выступе Насрала заявіў, што Ізраіль перайшоў усе чырвоныя лініі і падвергнуў небяспецы жыцці вялікай колькасці мірных ліванцаў, піша АПА. Ён назваў тое, што адбылося з электроннымі прыладамі ў Ліване, «маштабным тэрарыстычным актам, генацыдам, што вядзе да абвяшчэння вайны».
Ад выбухаў электронных прыладаў за два дні ў Ліване загінулі дзясяткі чалавек і тысячы людзей атрымалі раненні. Лідар «Хезбалы» паабяцаў адпомсціць за гэта, але падкрэсліў, што яны не будуць спяшацца.
Нагадаем, 17 верасня стала вядома, што ў Ліване пачалі масава выбухаць пэйджары, якія выкарыстоўваліся баевікамі ўзброенай групоўкі «Хезбала». У выніку загінула прынамсі 12 чалавек, сярод якіх два дзіцяці. Яшчэ амаль 3000 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку пасланнік Ірана ў Бейруце.
На наступны дзень у Ліване і паўднёвых прыгарадах Бейрута адбылася серыя выбухаў пераносных радыёстанцый, якія выкарыстоўвалі баевікі «Хезбалы».
Як пісала агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, выбуховыя прылады ў пэйджары і рацыі, імпартаваныя «Хезбалой», заклала ізраільская выведвальная служба «Масад».