Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Расія ўчора, 15 лістапада, нанесла масавы ракетны ўдар па ўкраінскай тэрыторыі. Ва Украіне працавала сістэма СПА. Гэта прывяло да гібелі двух чалавек у Польшчы — дзве ракеты ўпалі на вёску Пшэводаў і трапілі ў сельскагаспадарчую пабудову. Пасля з’явіліся фота абломкаў, якія засталіся ад аднаго з боепрыпасаў, — разбіраемся, з чыйго боку ён, хутчэй за ўсё, прыляцеў.

Што здарылася

Нагадаем, польскае выданне Radio Zet паведаміла пра дзве ракеты, якія нібыта ўпалі ў польскай вёсцы Пшэводаў паблізу ўкраінскай мяжы і трапілі ў зернесушылку. Загінулі два чалавекі. Выданне ўдакладніла, што яго інфармацыя не пацверджаная.

Агенцтва Associated Press са спасылкай на неназванага прадстаўніка амерыканскай разведкі расказала ўвечары 15 лістапада, што расійскія ракеты перасеклі тэрыторыю Польшчы, у выніку чаго загінулі два чалавекі.

Прадстаўнік польскага ўрада Пётр Мюлер не пацвердзіў AP інфармацыю высокапастаўленага супрацоўніка амерыканскай разведкі, але сказаў, што найвышэйшае кіраўніцтва краіны праводзіць экстранную нараду з нагоды «крызіснай сітуацыі».

У Пентагоне таксама заявілі, што не могуць пацвердзіць паведамленні пра тое, што расійскія ракеты ўпалі ў Польшчы недалёка ад мяжы з Украінай, а ў Мінабароны РФ назвалі гэтую інфармацыю «наўмыснай правакацыяй з мэтай эскалацыі абстаноўкі».

Што мы ведаем

Даволі хутка ў сеціве з’явіліся фатаграфіі абломка адной з ракет — польскі ваенны эксперт Яраслаў Вольскі заявіў, што гэта рэшткі рухавіка альбо «заблукалай» расійскай ракеты, альбо ўкраінскай зенітнай ракеты, у якой не спрацавала сістэма самазнішчэння.

Пасля ўкраінскія OSINT-даследчыкі (энтузіясты, якія праводзяць ваенныя расследаванні па адкрытых крыніцах) вывучылі абломкі і прыйшлі да высновы, што гэта можа быць абломак рухавіка 48Д6 — такімі элементамі абсталёўваюцца ракеты для С-300 некалькіх серый, уключаючы мадэль 5В55, якая выкарыстоўваецца ўкраінскімі С-300П і расійскімі С-300ПМУ.

Прыгледзімся да здымка ўважлівей. На фота — параўнальна невялікі фрагмент, зроблены са светлага металу. У верхняй частцы матэрыял значна прыцемнены ў двух месцах — хутчэй за ўсё, дэталь закурылася ад блізкага полымя.

Обломок ракеты, упавший в Пшеводуве. Фото: twitter.com/wolski_jaros
Абломак ракеты, які ўпаў у Пшэводаве. Фота: twitter.com/wolski_jaros

Наўрад ці гэта след ад пажару пасля падзення ракеты — інакш цёмнай, хутчэй за ўсё, была б дэталь цалкам. Таму, хутчэй за ўсё, гэта частка рухавіка ракеты, побач з якой адбываўся выхлап — і закурылася яна за час палёту.

Ніжэй на фота відаць неглыбокі прапіл на ўсю даўжыню дэталі, адразу пад ёй — скол металу з ясна бачнай разьбой для шруба. Яшчэ ніжэй — шэраг адтулін для мацавання, і ў самым нізе — зноў прапіл.

Украінскія следчыя звярнулі ўвагу, што і разьба, і адтуліны для мацавання, і прапілы амаль ідэнтычныя рэшткам раней знойдзеных рухавікоў 48Д6 ад ракет С-300.

Мы таксама ўважліва вывучылі рэшткі боепрыпасу ад С-300, выпушчанага Расіяй па Мікалаеве ў ліпені 2022 года — на фота ракетны рухавік і камера згарання. Звернем увагу на месца мацавання рухавіка.

Упавшие в Николаеве остатки ракеты от С-300. Фото: inshe.tv
Рэшткі ракеты ад С-300, якія ўпалі ў Мікалаеве. Фота: inshe.tv

Па акружнасці ідзе прапіл, вельмі падобны да таго, што відаць на абломку з Пшэводава. Трохі правей — шэраг адтулін для мацавання. А лявей бачны закураны ад полымя ўчастак — такі ж, як і на абломку з польскай вёскі.

Аналагічны выпадак быў у 2020 годзе ў Азербайджане, калі ў глыбі тэрыторыі краіны знайшлі абломкі ракеты ад С-300 з рухавіком 48Д6. Усе вышэйпералічаныя падобныя дэталі супадаюць.

Таму, пакуль няма нейкіх іншых фатаграфій, мы можам з вялікай ступенню ўпэўненасці меркаваць, што абломак, знойдзены ў Пшэводаве, належыць менавіта ракеце 5В55, выпушчанай з зенітна-ракетнага комплексу С-300.

Гэта ўкраінская ці расійская ракета?

На першы погляд, ракета магла быць выпушчаная як з украінскага, так і з расійскага комплексу. УСУ выкарыстоўваюць С-300 па прамым прызначэнні — каб адбіваць расійскія ракетныя ўдары. А армія РФ знайшла ім нестандартнае прымяненне і часта абстрэльвае ўкраінскія гарады старымі зенітнымі ракетамі (апісаны вышэй боепрыпас, рэшткі якога знайшлі ў Мікалаеве, якраз з іх ліку).

Застаецца зразумець, адкуль магла быць выпушчаная ракета і ці магла яна з гэтых пунктаў даляцець да Пшэводава. Паколькі ад гэтага населенага пункта да ўкраінскай мяжы менш чым 15 кіламетраў, то ракеце, выпушчанай СПА Украіны, даляцець да вёскі было б лёгка.

Што да пуску расійскім бокам, то тут праблем больш. Далёкасць палёту ракет 5В55 — максімум каля 150 кіламетраў. Таму адзіным раёнам, адкуль мог быць запушчаны боепрыпас, што ўпаў на Пшэводаў, застаецца Беларусь — прычым не ўся, а толькі самы паўднёвы захад Брэсцкай вобласці.

Внизу справа красной меткой отмечен Пшеводув. Выше, в красном круге - юго-запад Брестской области, откуда хотя бы теоретически могли долететь ракеты С-300, запускаемые по наземным целям. Карта: Google Maps
Унізе злева чырвоным адзначаны Пшэводаў. Вышэй, у чырвоным коле — паўднёвы захад Брэсцкай вобласці, адкуль хаця б тэарэтычна маглі даляцець ракеты С-300, якія запускаюцца па наземных цэлях. Карта: Google Maps

Пускі ракет С-300 і С-400 па наземных цэлях ва Украіне з Беларусі фіксаваліся не раз: іх заўсёды ажыццяўлялі з аэрадрома Зябраўка ў Гомельскай вобласці, за больш чым 500 кіламетраў ад Пшэводава. Нават калі выказаць здагадку, што частку комплексаў перакінулі на аэрадром Лунінец Брэсцкай вобласці або пад сам Брэст, ракеты адтуль не даляцяць.

Уласна расійская ці акупаваная ёю тэрыторыя для пускаў ракет з С-300 па цэлях ва Украіне таксама не падыходзіць — занадта далёка.

Раней лічылася, што С-300 наогул могуць страляць толькі на 30−35 кіламетраў. Рэч у тым, што зенітна-ракетныя комплексы выкарыстоўваюцца для стральбы па наземных цэлях толькі ў крайніх выпадках (напрыклад, трэба тэрмінова знішчыць групу пяхоты праціўніка пасля яе прарыву, каб яна не змагла дабрацца да пускавых установак).

У такіх выпадках боепрыпас проста запускаецца па загадзя вядомых каардынатах і ляціць у бок, дзе заўважаная пагроза, кіруючыся камандамі, якія перадаюцца праз радыёлакацыйную станцыю падсвятлення і навядзення. Калі ракета далятае да месца прызначэння, той самы лакатар дае ёй каманду на падрыў — і боепрыпас выбухае проста ў паветры, б’ючы па цэлях на зямлі асколкамі і ўдарнай хваляй.

Для таго каб ракета прымала каманды ад РЛС, яна мусіць знаходзіцца ў межах радыёгарызонта (паколькі зямля мае калясферычную форму, адляцеўшы на пэўную адлегласць, ракета проста схаваецца за яе выгінам, і сігналы да яе не дойдуць). Гэта акурат недзе 30−40 кіламетраў. Аднак пускі па ўкраінскіх аб’ектах з аэрадрома Зябраўка паказалі, што расіяне, імаверна, пачалі ўсталёўваць на ракеты «аўтапілоты», якія не залежаць ад каманд з РЛС. Але ліміт у 150 кіламетраў (далей гэтыя боепрыпасы проста не лётаюць) ім усё роўна не пераадолець.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», якая адсочвае перамяшчэнні ваеннай тэхнікі па РБ, а таксама вылеты авіяцыі і пускі ракет з беларускай тэрыторыі, паведаміла, што 15 лістапада з тэрыторыі нашай краіны ракеты не стартавалі.

Таму з высокай імавернасцю ў Польшчы ўпала не «заблукалая» ракета, выпушчаная з Расіі, а боепрыпас з украінскай С-300.

Вядомы ўкраінскі тэлеграм-канал Vae Victis адразу ж адзначыў, што на тэрыторыю Польшчы ўпалі абломкі ракеты 5В55, аднак удакладніў, што разам з імі ўпала і расійская крылатая ракета неназванай мадэлі. Аднак ніякіх абломкаў расійскага боепрыпасу паказана не было.

Фото с места инцидента в Пшеводуве. Фото: twitter.com/wolski_jaros
Здымак з месца інцыдэнту ў Пшэводаве. Фота: twitter.com/wolski_jaros

З першапачатковага паведамлення Radio Zet мы ведаем, што ракет, якія ўпалі на тэрыторыі Польшчы, было дзве. Аднак ніякіх фатаграфій другога боепрыпасу і наогул ніякай інфармацыі пра яго (акрамя самой згадкі пра падзенне) пакуль ніхто не падаў. Таму пра тое, якой мадэлі была гэтая ракета і хто яе мог выпусціць, можна меркаваць толькі па ўскосных сведчаннях. Магчыма, ракет сапраўды было дзве, аднак з нашага пункту гледжання, значна больш імавернае тое, што першапачатковыя звесткі пра другую ракету, якая ўпала на Пшэводаў, былі памылкай: цяжка ўявіць, што дзве ракеты СПА абсалютна аднолькава збіліся з курсу, і ў абедзвюх не спрацаваў механізм самазнішчэння (ніжэй мы растлумачым гэта падрабязней).

Як магло так атрымацца?

Мяркуючы па ўсім, украінскі комплекс С-300П не змог трапіць па адной з ракет, выпушчаных Расіяй па Львоўскай або Валынскай вобласці. Гэта штатная сітуацыя: магчымасць перахопу цэлі ракетай ніколі не роўная 100%, звычайна яна трохі вышэйшая за 80 працэнтаў.

Таму па адной цэлі часта выпускаюць адразу дзве зенітныя ракеты для гарантаванага перахопу. У выпадку, калі боепрыпас прамахнуўся, праз 5−10 секунд у зенітнай ракеце павінен спрацаваць механізм самападрыву. У паветры адбудзецца выбух — і на зямлю ўпадуць толькі дробныя аскепкі.

Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку гэты механізм з нейкай прычыны адмовіў, і праз гэта ракета замест падрыву на вялікай вышыні ўпала на зямлю, прывёўшы да гібелі людзей. У польскай паветранай прасторы боепрыпас правёў мінімум часу (пры хуткасці палёту 1000 метраў у секунду ад мяжы да Пшэводава ён ляцеў, мабыць, менш за чвэрць хвіліны) — імаверна, таму не зрэагавала і СПА Польшчы.

Віна Расіі ў гібелі польскіх грамадзян, такім чынам, застаецца ўскоснай: пуск Украінай ракет С-300 быў выкліканы толькі і выключна расійскімі ракетнымі ўдарамі. Калі б Масква перыядычна не паўтарала ўдары па крытычнай інфраструктуры ўкраінскай дзяржавы, шанцы, што супрацьпаветраная абарона УСУ спрацуе паблізу польскай мяжы, былі б мінімальныя.

Што да магчымых палітычных наступстваў інцыдэнту, то наўрад ці яны будуць значнымі. Магчымасць адмовы сістэмаў той ці іншай зброі існуе заўсёды, і ўкраінскі бок немагчыма западозрыць у свядомым запуску зенітнай ракеты па краіне-саюзніцы. Аднак у гэтым выпадку здымаецца і непасрэдная віна з Расіі — то-бок падставы для прымянення пятага артыкула статута Паўночнаатлантычнага альянсу («напад на аднаго з чальцоў NATO будзе разглядацца як напад на ўсіх чальцоў NATO») няма.