У судзе швейцарскага кантона Санкт-Гален завяршыўся працэс над беларускім экс-спецназаўцам Юрыем Гараўскім, якога абвінавацілі ў датычнасці да выкрадання і забойства палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі — былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Вердыкт суда вынесуць у пісьмовым выглядзе на наступным тыдні — асобнага паседжання для абвяшчэння прысуду не будзе, паведамляе «Новы час».
Пракурор напярэдадні заявіў, што ў судзе прадставілі дастаткова доказаў віны Гараўскага, і папрасіў асудзіць яго на тры гады пазбаўлення волі, два з якіх — умоўна, з выпрабавальным тэрмінам чатыры гады.
Пракурор таксама палічыў, што Гараўскі не можа быць экстрадыяваны ў Беларусь.
Прадстаўнік сем’яў палітыкаў, у датычнасці да знікнення і забойства якіх абвінавацілі Гараўскага, у сваім выступе падтрымаў пазіцыю пракурора адносна віны абвінавачанага. Ён таксама заявіў, што экс-спецназавец мусіць выплаціць 200 тысяч швейцарскіх франкаў (крыху больш за 200 тысяч еўра) сваякам загінулых у якасці кампенсацыі, і яшчэ па 5% ад гэтай сумы за кожны год з моманту іх знікнення — з 1999 года.
Сам Гараўскі ў апошнім слове папрасіў не выносіць яму занадта суровы прысуд.
— Шаноўны суд, вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесяце жорсткі прысуд, ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўладаў.
Прыношу прабачэнні блізкім і сваякам загінулых, спадзяюся на справядлівае пакаранне з боку швейцарскага суда, — сказаў Гараўскі.
Пры гэтым абарона, прызнаючы ўдзел экс-спецназаўца ў інкрымінаваных яму злачынствах, настойвала на тым, каб яго прызналі невінаватым. Як заявіла адвакатка, тэрмін даўнасці па злачынствах скончыўся — інфармацыя пра выкраданні і забойствы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага была апублікаваная рознымі крыніцамі, у тым ліку еўрапейскімі структурамі, яшчэ ў 2001 годзе.
Дачка Юрыя Захаранкі Алёна, якая прысутнічала на судзе, ў каментары «Новаму часу» адзначыла, што знаходзіцца тут — яе маральны абавязак перад бацькам і іншымі сем’ямі і людзьмі, якія пакутуюць ад рэпрэсій у Беларусі.
— Насупраць мяне сядзіць чалавек, які бачыў апошнія хвіліны майго бацькі. Гэта цяжка вытрываць любому чалавеку, нават таму, хто не мае да гэтага працэсу ніякага дачынення. Так, цяжка, так, балюча, але я павінная прайсці гэты шлях, грамадства мусіць ведаць пра зверствы, якія дзеюцца ў Беларусі, якая рэпрэсіўная машына існуе. Праз 24 гады мне выпала такая магчымасць, і мы пойдзем да канца і зробім усё магчымае, каб паўплываць на тое, што цяпер адбываецца ў маёй краіне, — сказала Алёна Захаранка.
Хто ініцыяваў суд над Гараўскім?
Увесну і ўвосень 1999 года ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення выніку не дало, праз 20 гадоў яго наогул спынілі. Хоць яшчэ ў 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такой версіі прытрымліваюцца і родныя зніклых, але даказаць яе пакуль не ўдалося.
Адным з меркаваных удзельнікаў выкрадання быў Юрый Гараўскі, пра што ён публічна заявіў у 2019 годзе ў інтэрв'ю Deutsche Welle. Ён у падрабязнасцях расказаў, як у траўні 1999-га ўдзельнічаў у выкраданні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, а ў верасні таго ж года — экс-кіраўніка ЦВК Ганчара і прадпрымальніка Красоўскага.
Інтэрв'ю, што выйшла ў снежні 2019 года, легла ў аснову справы, якую ініцыявала праваабарончая арганізацыя Trial International.