На польскім тэлеканале TVN24 выйшаў сюжэт пад назвай «Чалавек Лукашэнкі ў Варшаве», прысвечаны паспяховаму беларускаму бізнесоўцу Аляксандру Машэнскаму. Яго аўтар сцвярджае, што прадпрымальнік свабодна ездзіць у Польшчу, арандуе кватэру ў сталіцы краіны і вядзе там бізнес.
Як сцвярджае аўтар расследавання Бернард Кітэль, тры гады таму польскія ўлады (у той час кіроўная партыя «Права і справядлівасць») «дазволілі» Аляксандру Машэнскаму жыць у Варшаве. Цяпер ён свабодна перамяшчаецца паміж Польшчай і Беларуссю, арандуе кватэру ў Варшаве і вядзе там свой бізнес.
«Ён фінансуе розныя віды праектаў, якія прыдумляе Аляксандр Лукашэнка, а ў чацвер збірае рэчы, садзіцца ў свой Mercedes са спецыяльнымі нумарамі — чырвонымі, консульскімі, і кіроўца прывозіць яго на выходныя ў Варшаву. Тут кавярні, рэстараны, а на выходныя — куды-небудзь з сям’ёй на самалёце. Еўрапейскае жыццё», — гаворыцца ў сюжэце.
Чым менавіта займаецца бізнесовец у польскай сталіцы, журналістам невядома.
Аўтар падкрэслівае, што Машэнскі ўваходзіць у найбліжэйшае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, пры гэтым «ніколі не дыстанцыяваўся ад беларускага рэжыму» і падтрымліваў яго падчас здушэння пратэстаў 2020 года.
У Беларусі бізнес Аляксандра Машэнскага прадстаўлены ў гандлі, харчаванні, дэвелапменце, IT-паслугах, легпраме, фінансах і інвестыцыях. Найбольш вядомыя яго кампаніі «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт», «Санта Рытэйл», брэсцкая швейная фабрыка «Надзея». Ён таксама валодае сеткай крамаў у Беларусі і за мяжой, сеткай кавярняў і гатэлем.
Машэнскі ўваходзіць у Савет па развіцці прадпрымальніцтва. У 2010 годзе ён быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Сцвярджаецца таксама, што бізнесовец «баіцца трапіць у [заходні] санкцыйны спіс, але ўжо больш за дзесяць гадоў [беларускі] рэжым выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб гэтага не дапусціць».
Паводле інфармацыі Бернарда Кітэля, Еўрасаюз яшчэ ў 2012 годзе вырашыў накласці санкцыі на Машэнскага. Стала вядома, што фармуецца так званы папярэдні спіс, і яго прозвішча прасачылася ў СМІ. Аднак у тым самым годзе арыштавалі журналіста Андрэя Пачобута, прадстаўніка польскай меншасці ў Беларусі.
Расследавальнік спасылаецца на звесткі праваабарончага цэнтра «Вясна», у прыватнасці, яго заснавальніка Алеся Бяляцкага, за гэты перыяд.
«[Бяляцкі] напісаў, што пасля апублікавання інфармацыі пра тое, што Аляксандр Машэнскі будзе ў санкцыйным спісе, рэжым адрэагаваў затрыманнем і арыштам Андрэя Пачобута. Еўрасаюз, які не быў гатовы да такой эскалацыі дзеянняў з боку дыктатара, саступіў і не ўключыў Аляксандра Машэнскага ў спіс», — заявіў Кітэль.
Паводле яго, пасля прадпрымальніка яшчэ некалькі разоў мусілі ўнесці ў санкцыйны спіс, аднак у яго знайшліся абаронцы на Захадзе — у прыватнасці, ісландскія палітыкі, якія заявілі, што «эканоміка Ісландыі дэ-факта залежыць ад бізнесу Машэнскага», і Венгрыя, якая «проста наклала вета на праект гэтага санкцыйнага спісу».
Кітэль сцвярджае, што Машэнскі мае ключавое значэнне для Лукашэнкі, бо мае доступ да банкаў ЕС. Паводле версіі расследавальніка, «беларускі рэжым і ягоны дыктатар незвычайна рашуча гатовыя выкарыстоўваць наяўныя ў іх рэсурсы», каб абараніць бізнесоўца.