Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі набліжаецца адзіны дзень галасавання — 25 лютага ў краіне запрацуе больш за 5400 выбарчых участкаў. Будзе абноўлены склад дэпутатаў усіх узроўняў — ад мясцовых саветаў да парламента. Вынікі абяцаюць падвесці ў пачатку сакавіка. Аднак тое, што ўлады называюць выбарамі, у Беларусі даўно ператварылася ў трагікамічны працэс, які мае мала агульнага з электаральнымі кампаніямі ў дэмакратычных краінах. Праваабаронцы наогул наўпрост называюць беларускія выбары «адміністрацыйнымі працэдурамі фармавання органаў улады». Мы вырашылі ўспомніць некаторыя смешныя і адначасова сумныя моманты кампаній мінулых гадоў: зафіксаваныя ўкіды бюлетэняў, пасля якіх пацярпелі тыя, хто заўважыў парушэнне, назіранне з біноклем і іншыя эпізоды.

Заклік прагаласаваць да мёртвых

На парламенцкіх выбарах 2008 года было як мінімум два выпадкі з «мёртвымі душамі», звязаных з выбарчай кампаніяй, пра якія паведамлялі праваабаронцы.

Так, у Драгічыне назіральнік разам з сябрамі ўчастковай камісіі паўдзельнічаў у наведванні выбаршчыкаў, якія нібыта падавалі заяўкі для галасавання дома. Высветлілася, што ў адным выпадку муж з жонкай яшчэ за год да гэтага з’ехалі ў Расію, а ў другім заяўка ў камісію «прыйшла» ад нябожчыка.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Падчас той самай кампаніі ў Гродне, як пісала «Вясна», запрашэнне ўзяць удзел у галасаванні прыйшло чалавеку, які памёр. На думку праваабаронцаў, гэтыя факты сведчылі пра тое, што «спісы выбаршчыкаў складваліся абы-як», а рэальныя галасы нікога не цікавілі.

У той жа час звесткі па выбаршчыках, якія падаваў ЦВК Беларусі, не адпавядалі рэчаіснасці — многіх жывых грамадзян у іх не аказалася. Напрыклад, сям’я кандыдата ў дэпутаты па 49-й выбарчай акрузе Сяргея Кузмянка ў спісы ўнесеная не была. Як і прозвішча самога кандыдата.

«Чаго вы парыцеся — даўно вядома, хто будзе дэпутатам»

На мясцовых выбарах 2010 года кандыдатка ў дэпутаты ад аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Марыя Кульманава балатавалася ў магілёўскія абласны і гарадскі саветы дэпутатаў. У дзень выбараў яна перахапіла два бюлетэні ў сяброўкі камісіі з ужо пастаўленымі пазнакамі за кандыдатаў (канкурэнтаў жанчыны), якія тая кудысьці несла.

«Я стаяла і размаўляла з адной з сябровак выбарчай камісіі, калі яе паклікалі іншыя сябры камісіі і нешта далі ў рукі, — расказвала кандыдатка. — Калі ж я спытала, што гэта, то жанчына адказала, што гэта бюлетэні, якія яе папрасілі ўкінуць у скрыню сябры выбарчай камісіі».

Старшыня выбарчай камісіі прызнаў, што гэта парушэнне, але выбавіў паперы ў жанчыны. У выніку яна вырашыла падаць скаргу.

Ход голосования на местных выборах в 2007 и 2010 годах. Инфографика: ЦИК Беларуси
Яўка падчас датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах у 2007 і 2010 гадах. Інфаграфіка: ЦВК Беларусі

«У мяне на руках была скарга, якую неабходна было разгледзець на месцы. Старшыня камісіі спадар Кажамякін сказаў, каб я пакінула скаргу, а камісія разгледзіць яе пазней. Я была абураная гэтым паводзінамі і пачала выказваць сваё незадавальненне, на што ён мне спакойна сказаў: „Чаго вы парыцеся, ужо даўно вядома, хто будзе дэпутатам!“» — расказвала Кульманава.

У выніку жанчына падала скаргу ў пракуратуру і вышэйшую камісію — але ніякага выніку гэта не дало.

Тэорыя імавернасці па-магілёўску

Падчас парламенцкіх выбараў 2012 года Аляксей Паўлоўскі быў назіральнікам на адным з магілёўскіх выбарчых участкаў. Там са скрыні для датэрміновага галасавання вынялі 880 бюлетэняў, а яшчэ 560 дасталі са скрыні ў асноўны дзень галасавання.

«Натуральна, што 880 чалавек, або 60% выбаршчыкаў участка, прагаласаваць датэрмінова не маглі. Гэта было відаць па тым, як стосамі вывальваліся са скрыні бюлетэні. Калі ж пачалі весці падлік галасоў, то аказалася, што падчас датэрміновага галасавання за праўладнага кандыдата, пракурора Эдуарда Сянкевіча, прагаласавала 680 чалавек, 60 — за найбліжэйшага канкурэнта Кузьміну, а астатнія 140 галасоў размеркаваліся паміж іншымі кандыдатамі і „супраць усіх“», — прыводзіў свае падлікі Аляксей Паўлоўскі.

Урны для голосования на выборах 2020 года. Фото: TUT.BY
Скрыні для галасавання на выбарах 2020 года. Фота: TUT.BY

«Калі ж падлічылі бюлетэні са скрыні асноўнага дня галасавання, то за Эдуарда Сянкевіча было 180 галасоў, а за Кузьміну — 150. У першай скрыні суадносіны галасоў за Кузьміну і Сянкевіча склалі 1:10, а ў другой — амаль 1:1».

Тут, паводле назіральніка, узнікла неспадзяванка тэорыі імавернасці: як такое можа быць? Каб атрымаць адказ на гэтую статыстычную загадку, Аляксей Паўлоўскі адправіў ліст у Акадэмію навук Беларусі. Пра адказ не паведамлялася.

Таямнічае знікненне пустых аркушаў

На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года брэсцкі каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк вырашыў правесці незвычайны эксперымент, каб выявіць магчымыя незаконныя маніпуляцыі са скрынямі для галасавання. Разам з паплечнікамі ён забраў з участкаў выдадзеныя ім бюлетэні, апусціўшы ў скрыні замест іх чыстыя аркушы.

У выніку ў Турчаняка і таварышаў аказалася чатыры бюлетэні з участка № 60, два бюлетэні з участка № 53 і яшчэ чатыры бюлетэні з участка № 1. Адпаведна, столькі ж чыстых аркушаў мусіла аказацца на трох участках у скрынях для датэрміновага галасавання пасля іх ускрыцця ў дзень асноўнага галасавання 11 кастрычніка.

Турченяк с вынесенными бюллетенями. Фото: belsat.eu
Дзяніс Турчаняк з вынесенымі бюлетэнямі, кастрычнік 2015 года. Фота: belsat.eu

У дзень выбараў трое ўдзельнікаў эксперыменту зарэгістраваліся назіральнікамі. На ўчастку № 1 эксперымент «праваліўся»: падчас падліку галасоў усе чатыры чыстыя аркушы аказаліся на месцы. Турчаняк быў упэўнены, што гэта звязана з тым, што пячатку на скрыні сфатаграфаваў адразу пасля апячатвання назіральнік АБСЕ.

А на ўчастках № 60 і № 53 «кантрольнае галасаванне» дасягнула сваіх мэтаў. На адным з іх падчас падліку галасоў у скрыні чыстых аркушаў наогул не аказалася, а ў месцы галасавання Турчаняка знайшлі толькі адзін чысты аркуш — замест чатырох укінутых. Пры гэтым колькасць бюлетэняў у выбаркамаў да і пасля галасавання дзіўным чынам сышлася, хоць на руках у актывістаў былі вынесеныя імі ўласнаручна шэсць бланкаў для галасавання, падпісаных сябрамі камісій.

Пасля гэтага Турчаняк спрабаваў дамагчыся пакарання для кіраўніцтва ўчастковых камісій, але дзяржорганы і суды адмаўлялі актывісту.

Гайдукевіч: галоўнае не перамога, а ўдзел

Падчас парламенцкіх выбараў 2016 года ў верасні ў мінскай Серабранцы прайшоў канцэрт-пікет Ліберальна-дэмакратычнай партыі з удзелам яе тагачаснага першага намесніка старшыні — Алега Гайдукевіча. Цікавымі там былі не толькі рухі цела аднаго з артыстаў, але і словы самога Гайдукевіча.

«Я прашу вас пра адно: няважна, за каго вы прагаласуеце нават — прыйдзіце заўтра на выбары ў абавязковым парадку. Любыя перамены магчымыя двума спосабамі: альбо гвалт, рэвалюцыя нейкая, альбо выбары», — сказаў тады палітык.

Чаму палітыка не цікавіла перамога, але была важная яўка, не вельмі зразумела. У выніку тых выбараў Гайдукевіч атрымаў 19% галасоў выбаршчыкаў у сваёй акрузе і заняў другое месца, саступіўшы дыпламату Валерыю Варанецкаму.

Дэпутаты, якім абрэзалі тэрміны, але яны не пакрыўдзіліся

Згодна з календаром выбараў, у 2020 годзе (да 10 верасня) мусілі быць абраныя новыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аднак гэтая кампанія накладвалася на прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на жнівень. Таму яшчэ ў 2017 годзе тагачасная кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыла, што іх сумяшчаць не будуць. Паводле яе словаў, так можна было зрабіць.

«Я не думаю, што гэтыя выбары сумесцяць. Хутчэй за ўсё, калі прыйдзе час, будзе прынятае адпаведнае палітычнае рашэнне, і нейкую выбарчую кампанію перанясуць на больш ранні тэрмін. А ўжо якую — пра гэта павінныя дамовіцца кіраўнік дзяржавы і парламент. Праводзіць выбары раней можна, пазней — нельга. Таму так, там сапраўды ўсё практычна цалкам супадае», — каментавала Ярмошына.

Але вялікай інтрыгі ў тым, тэрмін чыіх паўнамоцтваў — парламента ці Лукашэнкі — будзе скарочаны, не атрымалася. Палітык сваім указам прызначыў парламенцкія выбары на 17 лістапада 2019 года. Такім чынам, як лічаць праваабаронцы, быў парушаны артыкул 94 Канстытуцыі, бо парламент фактычна беспадстаўна распускаўся. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў скараціўся амаль на год.

Што гаварылася ў тым самым артыкуле 94 Канстытуцыі Беларусі

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спыненыя ў выпадку адмовы ў даверы ўраду, выражэння вотуму недаверу ўраду альбо двухразовай адмовы ў згодзе на прызначэнне Прэм’ер-міністра.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.

Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.

Палаты не могуць быць распушчаныя ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання пра датэрміновае вызваленне або зняцце Прэзідэнта з пасады.

Не дапускаецца роспуск палат цягам года з дня іх першых паседжанняў.

Як ні дзіўна, сярод абдзеленых дэпутатаў ніякіх пратэстаў не было — усе моўчкі пагадзіліся са скарачэннем тэрміну паўнамоцтваў амаль на чвэрць.

У Палаце прадстаўнікоў тады былі апазіцыйныя дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Ва ўдзеле ў выбарах 2019-га ЦВК ім адмовіў. У абраным тады (і дзейным і цяпер) парламенце адкрытых апазіцыянераў з таго часу няма.

Зняў спробу ўкіду бюлетэняў — і быў абазваны «му*аком»

Падчас той самай «датэрміновай» парламенцкай электаральнай кампаніі 2019 года назіральнік на ўчастку ў Брэсце Юрый Вашчанчук 13 лістапада зняў на відэа спробу апусціць у скрыню цэлы пачак бюлетэняў. Прасунуць у шчыліну стос папер збіралася педагог-псіхолаг мясцовага дзіцячага садка Анастасія Кулічкова — яе начальніца Таццяна Мосіна акурат узначальвала выбарчую камісію на тым участку.

«Адбылося гэта ўсё апоўдні прыкладна. А ўжо пасля абеду на ўчастку вывесілі аб’яву: „Відэаздымку можна весці толькі з дазволу старшыні камісіі“. Вось і ўся падзяка за тое, што я перадухіліў укід бюлетэняў», — расказваў Юрый Вашчанчук.

Ужо на наступны дзень кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што мужчыну трэба пазбавіць акрэдытацыі. «Ён здзейсніў злоснае парушэнне закона і грамадзянскага, і выбарчага. Па-першае, нікога нельга здымаць — ні дзяўчат, ні юнакоў — без іх згоды. Здымаць на выбарчым участку можна толькі са згоды старшыні ўчастковай камісіі. Нельга круціцца ля скрыні для галасавання. І тым больш нельга патрабаваць чаго-небудзь у грамадзян. Ён што, участковы оперупаўнаважаны, каб яму дэманстравалі, што ў іх знаходзіцца ў руках?» — сказала яна.

Так і адбылося — яшчэ праз дзень Вашчанчука пазбавілі права назіраць за выбарамі, абвінаваціўшы ў тым, што ён «перашкаджае выбарчаму працэсу», «падыходзіць да скрыняў», «кепска размаўляе з сябрамі камісіі».

На рэзанансны інцыдэнт, пра які расказвалі незалежныя СМІ, адрэагаваў і Аляксандр Лукашэнка — ён вырашыў абразіць назіральніка. «Калі нейкі, прабачце мяне, му*ак ці прыдурак пачынае кідацца на выбаршчыкаў, [трэба] каб яму ўставілі мазгі так, каб яму больш не хацелася. Вы ведаеце, як гэта ўмеюць міліцыянты рабіць», — заявіў ён.

Пасля гэтага TUT.BY звязаўся з Юрыем Вашчанчуком, які быў даверанай асобай кандыдаткі ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ганны Канюс. Мужчына адзначыў, што словы Лукашэнкі яго не спалохалі: «Не скажу, што мяне гэтыя словы спалохалі. Адна рэч — гаварыць. Іншая — рабіць нешта. Я лічу, што мы ў прававой дзяржаве жывём, і калі ёсць нейкія інсінуацыі, то трэба праводзіць разбіральніцтва належным чынам».

Назіральнік з біноклем і жарты пра Лукашэнку ад Васкрасенскага

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020-га ў Брэсце на ўчастках 78/79 у сярэдняй школе № 14 назіральнік Аляксандр Сахарук выконваў свае функцыі на дварэ, а не ўнутры памяшкання, дзе праводзілася галасаванне. Ён стаяў на зэдліку з біноклем і глядзеў у акно. Фота з’явілася ў тэлеграм-канале «Баста» падчас датэрміновага галасавання 4−8 жніўня.

Наблюдатель на избирательном участке 78/79 в Бресте, 6 августа 2020 года. Фото: телеграм-канал "Баста"
Назіральнік на выбарчым участку 78/79 у Брэсце, 6 жніўня 2020 года. Фота: тэлеграм-канал «Баста»

Сахарука, нягледзячы на наяўнасць акрэдытацыі, тры дні не пускалі на выбарчы ўчастак (нагадаем, на тых выбарах ЦВК абмежаваў колькасць назіральнікаў на ўчастках, спаслаўшыся на каранавірус і «маральны і фізічны ціск» на сябраў камісій), таму ён вырашыў дзейнічаць нетрывіяльна.

«Стаю цяпер на прыступках, бо літаральна выцясняюць з тэрыторыі выбарчага ўчастка, потым — з калідора, а потым — і з фае, — расказваў ён пасля такой сваёй акцыі. — Аргументуюць тым, што ў іх дастаткова назіральнікаў. Учора раніцай я ўварваўся першым, заняў крэсла, але мне давялося саступіць яго: у іх свае працуюць».

Як прызнаваўся мужчына, як бы ён ні настройваў бінокль, з такой адлегласці нічога не было відаць.

На сітуацыю тады адрэагаваў вядомы пазней сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі — Юрый Васкрасенскі.

«Назіральнік на ўчастку. Вядома, гэтае фота абляціць ўвесь свет. Чарговы штрых да цынічнага спектакля пад назвай „выбары“. Рэцыдывісты пры пасадах і пагонах змудрыліся парушыць нават уласныя законы. Прычым усе. Усе законы разам узятыя. Цягам усёй выбарчай кампаніі пачынаючы з траўня. Варта прызнацца, што такога электаральнага бандытызму не было нават за Саветамі. Краіну мы ім не аддамо! Патопім разам з усімі! Што тут сказаць? Варвары…» — напісаў Васкрасенскі ў Facebook.

Загадкавая жанчына з пакетам і спакойны міліцыянт

Удзень 9 жніўня 2020 года падчас усё тых жа прэзідэнцкіх выбараў у Мінску знялі цікавую карціну — з акна па прыстаўленай лесвіцы з пакетам спускалася нейкая жанчына ў ружовым. За гэтай сцэнай унізе назіраў чалавек у міліцэйскай форме, які адначасова дапамагаў трымаць лесвіцу. Адбывалася ўсё на ўчастку № 17 Савецкага раёна Мінска, які месціўся ў школе № 66.

Паводле аўтара відэа, жанчына спачатку падымалася ў акно, але зняць удалося толькі яе спуск.

«Літаральна гадзіну таму хадзіў галасаваць на свой участак у гімназію. На падыходзе ў гімназію ўбачыў незразумелую жанчыну, якая першапачаткова караскалася па лесвіцы ў акно. Не паспеў запісаць відэа, але ёсць фота, дзе яна туды менавіта залазіць. Трохі пастаяў і пачакаў працягу ўбачанага. Унізе ў той час стаяў чалавек у форме. Пазней я дачакаўся моманту, калі гэтая жанчына пачала спускацца па лесвіцы ўніз з нейкім пакетам. Ну і, як відаць на відэа, па вяроўцы спускалі яшчэ нейкі пакет», — расказаў выбаршчык.

З акна на вяроўцы нейкі мужчына спускаў адзін з пакетаў, а ўнізе ўдзельнічала ў працэсе яшчэ і жанчына ў белым. Многія каментатары лічылі, што ў пакетах былі бюлетэні — але разгадка таго, што насамрэч адбывалася на сталічным участку, так і не з’явілася. Ні ЦВК, ні міліцыя інцыдэнт не каментавалі.


Нагадаем, на 25 лютага 2024 года ў Беларусі запланаваны адзіны дзень галасавання. Святлана Ціханоўская ўжо назвала гэтую электаральную кампанію «бязвыбарамі» і падманам, а таксама заклікала яе ігнараваць. Супольнасць «Сумленныя людзі» падтрымала стаўленне Ціханоўскай да падзеі, але пры гэтым там не згодныя з тым, што так званы адзіны дзень галасавання трэба ігнараваць. Арганізацыя называе 25 лютага магчымасцю праз актыўны байкот прыцягнуць больш прыхільнікаў годнай будучыні для Беларусі і заклікае абмяркоўваць з сябрамі і блізкімі палітычную сітуацыю ў краіне і ставіць у бюлетэнях «супраць усіх».

Чытайце таксама