Даходы ўдзельнікаў карупцыйнай схемы ў малочнай галіне складалі не менш за 10 млн даляраў у год, а адзін з іх пазіцыянаваў сябе «аўтарытэтам з 90-х», паведамілі БЕЛТА ў КДБ. Ведамства падзялілася новымі дэталямі «справы малочнікаў», пра якую раней расказаў Аляксандр Лукашэнка.
У КДБ заявілі, што схема была звязаная з пастаўкай прадукцыі па заніжаных цэнах, карупцыйнымі праявамі, ухіленнем ад выплаты падаткаў і вывадам грошай за мяжу. Сутнасць яе ў тым, што малочная прадукцыя з беларускіх прадпрыемстваў прадавалася з мінімальнай нацэнкай ці нават ніжэй за сабекошт фірмам-«пракладкам» у Расіі, а тыя пастаўлялі прадукцыю на рынак па рынкавай цане. Даход пакідалі сабе службовыя асобы прадпрыемстваў і прадстаўнікі камерцыйных структур, частка грошай ішла на хабар.
«У студзені 2020 года органы дзяржбяспекі атрымалі першасныя аператыўныя звесткі пра наяўнасць карупцыйнай схемы набыцця сталічнай ТАА „ТПК ПродИнвест“ ліквіднай прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў па заніжаных цэнах для наступнай рэалізацыі ў Расіі. У поле зроку трапілі сумнеўныя схемы рэалізацыі прадукцыі ААТ „Бабуліна крынка“, якія былі арганізаваныя прызначаным у верасні 2019 года на пасаду дырэктара Скітавым», — паведамілі ва ўстанове.
Там расказалі, што пасля прызначэння на пасаду Скітаў перш за ўсё запатрабаваў усталяваць відэакамеры ў працоўным кабінеце і прыёмным пакоі і забараніў прадстаўнікам дзяржорганаў наведваць прадпрыемства без яго ведама, а супрацоўнікі мусілі камунікаваць з ім выключна праз мэсэнджары.
«Перад калектывам ён пазіцыянаваў сябе „аўтарытэтам з 90-х“», — дадалі ў КДБ.
Заняўшы пасаду дырэктара холдынгу, Скітаў «сфармаваў сваю каманду менеджараў з ліку сваякоў і былых падначаленых, новую збытавую палітыку, а таксама цалкам замкнуў фінансавыя плыні на сябе».
«Значная частка высокаліквіднай малочнай прадукцыі „Бабулінай крынкі“ (каля 50% сыроў і масла) пачала рэалізоўвацца праз блізкую сувязь Скітава з [Уладзімірам] Сіруцем — кіраўніком шэрагу афіляваных кампаній», — гаворыцца ў паведамленні.
Як удалося высветліць, Скітаў стварыў для Сіруця прэферэнцыйныя ўмовы адгрузак гатовай прадукцыі, і з часам той літаральна манапалізаваў экспартныя патокі «Бабулінай крынкі». Без узгаднення з ім іншыя прадстаўнікі бізнесу не маглі атрымаць ліквідны тавар на малочным прадпрыемстве.
Акрамя таго, паводле версіі КДБ, Скітаў наўмысна збіраў складскія запасы — на падставе неабходнасці іх продажу ён дамагаўся для свайго прадпрыемства зніжэння індыкатыўнай цаны. Гэта дазваляла забяспечыць Сіруцю максімальны магчымы прыбытак ад перапродажу прадукцыі ў Расію.
«Акрамя хабару за прэферэнцыі Сіруць аплачваў вольны час Скітава. Вядома пра тое, што яны рэгулярна бывалі на супольных забаўляльных мерапрыемствах, урачыстасцях і камандзіроўках у Расіі», — расказалі ў КДБ.
У поле зроку сілавікоў трапілі восем камерцыйных груп, якія ўсталявалі кантроль над экспартам прадукцыі шэрагу айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў на выгадных для сябе ўмовах.
Як адзначылі ў КДБ, ва ўладальнікаў беларускіх фірмаў былі падкантрольныя суб’екты гаспадарання ў Расіі — гэта дазваляла ім прадаваць малочную прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, пасля чаго рэалізоўваць тавар спажыўцам па больш высокай цане. Тым самым зніжалася падаткаабкладальная база.
Даходы ўсіх удзельнікаў схемы з улікам розніцы цэн у Беларусі і Расіі складалі не менш за 10 млн даляраў на год, падсумавалі ў КДБ. Частка гэтых грошай перадавалася службовым асобам у якасці «адкатаў».
Гендырэктара ААТ «Бабуліна крынка» Генадзя Скітава затрымалі сумесна з суўдзельнікамі з доказамі злачынства падчас атрымання хабару ў асабліва буйным памеры. Адначасова былі затрыманыя і прадстаўнікі камерцыйных структур, датычныя да схемы, расказаў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
— У цяперашні час Камітэт дзяржаўнай бяспекі праводзіць мерапрыемствы па выяўленні ўсіх удзельнікаў карупцыйнай схемы, прыцягненні вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці, а таксама кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды. Акрамя таго, праводзяцца мерапрыемствы па навядзенні парадку на ўсіх беларускіх прадпрыемствах малочнай галіны. Па гэтым факце КДБ расследуе шэраг крымінальных справаў, фігуранты якіх — 26 чалавек. 15 з іх утрымліваюцца пад вартай, — заявіў Бычак.
Усе затрыманыя — у СІЗА КДБ, у іх дамах прайшлі ператрусы.
У эфіры АНТ назвалі і некаторыя прадпрыемствы, кіраўнікі якіх удзельнічалі ў схеме: гэта Полацкі і Лепельскі малочныя камбінаты, Слуцкі сыраробны, Рагачоўскі і іншыя.
Нагадаем, раней пра карупцыю на «Бабушлій крынцы» расказаў Аляксандр Лукашэнка, якія назваў яе «справай малочнікаў» па аналогіі са «справай дактароў». Ён не раскрыў дэталяў, але падкрэсліў, што «рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў», прычым «там свецяцца і чальцы ўрада».
У сваю чаргу кіраўнік КДБ Іван Церцель далажыў, што ў выніку аператыўнай дзейнасці затрымалі 26 чалавек, на гэты момант 15 з іх арыштаваныя.