Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Сотрудница взяла мой телефон, сняла чехол и посмотрела, что под ним». Рассказываем, какая обстановка на границе с соседними странами
  2. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  3. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  4. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  5. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  6. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  7. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  8. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  9. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  10. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
Читать по-русски


Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) было створанае яшчэ за прэзідэнтам Джона Кенэдзі — у 1961 годзе. Мэтай працы ведамства стала прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў за мяжой з дапамогай ліквідацыі крайняй беднасці, развіцця эканомікі, барацьбы з гвалтам, наступствамі эпідэмій і іншымі праблемамі. З 1999 года Агенцтва працавала ў Беларусі: дапамагала пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы, развівала медыцыну, грамадзянскую супольнасць, падтрымлівала прыватны бізнес, супольнасці людзей з інваліднасцю, дзяцей-сірот і іншыя ўразлівыя групы насельніцтва. Але ў канцы 2021-га ўлады змусілі закрыць беларускі офіс USAID. Тым не менш Агенцтва працягвае працаваць для нашай краіны. Пра тое, як гэта адбываецца, а таксама ў цэлым пра палітыку ЗША што да Беларусі мы пагаварылі з Маркам Сімакоўскі — намеснікам памочніка адміністратара USAID, які курыруе рэгіянальныя праграмы дапамогі нашай краіне, а таксама Украіне і Малдове.

Заместитель помощника администратора USAID, курирующий региональные программы помощи Беларуси, Украине и Молдове, Марк Симаковски. Фото: usaid.gov
Намеснік памочніка адміністратара USAID, які курыруе рэгіянальныя праграмы дапамогі Беларусі, Украіне і Малдове, Марк Сімакоўскі. Фота: usaid.gov

— Офіс USAID у Беларусі закрыўся ў 2021 годзе. Ці падтрымлівае цяпер арганізацыя нейкія кантакты з афіцыйным Мінскам?

— Парушэнне Мінскам правоў чалавека і суўдзел у вайне Расіі ва Украіне прывялі да таго, што USAID цяпер не мае ніякіх кантактаў і не працуе з беларускім урадам. Але ўрад ЗША, вядома ж, мае кантакт з беларускімі ўладамі.

У вашай краіны па-ранейшаму ёсць амбасада ў Вашынгтоне. Урад ЗША заўсёды адкрыты для канструктыўнага дыялогу з беларускімі ўладамі. Але са зразумелых прычын ён цяпер абмежаваны. Суўдзел беларускага ўрада ў вайне і актыўная падтрымка расійскай агрэсіі ва Украіне выразна абмежавалі як кантакты, так і любое рэальнае супрацоўніцтва. Вядома ж, урад ЗША не пераразае ўсе сувязі з беларускім урадам і захоўвае кантакты там, дзе гэта неабходна, для абмеркавання пытанняў, якія выклікаюць заклапочанасць.

— Можаце прывесці прыклады пытанняў, па якіх вядзецца такі дыялог?

— У першую чаргу мы зацікаўленыя ў захаванні канала сувязі [з беларускімі ўладамі] для выказвання стаўлення ўрада ЗША да дзеянняў беларускага рэжыму і падтрымкі Мінскам агрэсіўнай вайны Расіі. Таксама мы працягваем заклікаць да вызвалення 1500 палітвязняў. У нашых паведамленнях агучваюцца патрэбы беларускай грамадзянскай супольнасці — мы падкрэсліваем, што ўрад ЗША застаецца адданым партнёрам беларускага народа.

Помощь для Беларуси от USAID и ЮНИСЕФ во время пандемии COVID-19. Фото: usaid.gov
Дапамога для Беларусі ад USAID і ЮНІСЕФ падчас пандэміі COVID-19. Фота: usaid.gov

Акрамя таго, мы, вядома, стараемся падкрэсліць рызыкі і цану для беларускага ўрада, які працягвае падтрымліваць агрэсіўную вайну Расіі. У прыватнасці, адносна некаторых крокаў, якія ўлады зрабілі для падрыву суверэнітэту Беларусі, размясціўшы ў краіне расійскіх вайскоўцаў, рэпрэсуючы ўласных грамадзян і прымаючы іншыя меры, праз якія краіна працягвае скочвацца да аўтарытарызму — што, зноў жа, у корані супярэчыць інтарэсам беларускага народа.

Вось чаму мы хочам па-ранейшаму мець адкрытыя каналы ўзаемадзеяння. Але, паўтаруся, менавіта ў USAID няма ніякіх кантактаў з урадам Беларусі, іх падтрымліваюць нашыя калегі з Дзярждэпартамента.

— Ці магчымы, па-вашаму, нейкі паўнавартасны дыялог з афіцыйным Мінскам (напрыклад, у будучыні), пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, а тысячы людзей знаходзяцца ў турмах праз іх палітычныя перакананні?

— Злучаныя Штаты вельмі выразна заявілі пра тое, што рэжым Лукашэнкі мусіць зрабіць, каб дабіцца паслаблення санкцый і наладжвання рэальнага эфектыўнага дыялогу з ім. Гэта вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій супраць беларускага народа і спыненне суўдзелу Беларусі ў поўнамаштабным уварванні ва Украіну.

Але я думаю, што з цяперашняй сітуацыі і рашэнняў беларускіх уладаў відаць, што іх мэта — прыгнятаць уласнае насельніцтва, а таксама прынцыпова перашкаджаць свабодным і сумленным выбарам, нелегітымна захапіўшы ўладу. Усе гэтыя крокі, я думаю, робяць адносіны складанымі і, хутчэй за ўсё, выключаюць магчымасць весці рэальны канструктыўны дыялог з рэжымам. Улады Беларусі працягваюць рабіць крокі, скіраваныя на падрыў незалежнасці, суверэнітэту і здольнасці краіны выбіраць свой шлях. Так што, я думаю, адносіны будуць заставацца складанымі, пакуль рэжым Лукашэнкі карэнным чынам не зменіць свой падыход і палітыку ў дачыненні да ўласнага народу і да сваіх суседзяў.

— Якую дапамогу USAID аказвае беларускай грамадзянскай супольнасці цяпер?

— Мы вельмі ганарымся працай, якую зрабілі для партнёрства з беларускім народам за апошнія 20 гадоў. І ЗША не толькі плануюць працягнуць гэтае партнёрства, але будуць старацца яго пашырыць. Мы перакананыя, што беларускі народ моцна адрозніваецца ад рэжыму. Большасць беларусаў не згодная з дзеяннямі Лукашэнкі. Мы падтрымліваем тых грамадзян, якія шукаюць альтэрнатыўную будучыню для Беларусі. І, вядома ж, мы вельмі ўдзячныя беларусам, якія падтрымліваюць украінскі народ у цяжкую хвіліну.

Цяпер мы працуем па цэлым шэрагу напрамкаў. Усе гэтыя дзеянні скіраваныя на тое, каб падтрымаць нязменную надзею беларускага народа на дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь. Да жніўня 2020 года, калі здарыліся ўсе гэтыя жудасныя падзеі ўнутры вашай краіны, рэалізоўвалася мноства праектаў. Шмат у чым дзякуючы гэтаму ў Беларусі былі моцныя незалежныя СМІ, жывая грамадзянская супольнасць, палітычныя арганізацыі, якія развіваюцца, і амбіцыйны прыватны сектар. Таму нашая ўвага і нашая дапамога цяпер скіраваныя на забяспечанне таго, каб гэтыя незалежныя СМІ, грамадзянская супольнасць і прыватны сектар выжылі падчас атак уладаў і рэпрэсій, якія працягваюцца да сёння. Беларусам гэтыя арганізацыі цяпер сапраўды патрэбныя як ніколі. Тое, што мы робім цяпер, заключаецца ў падтрымцы гэтых інстытутаў.

Белорусские дети, участвовавшие в одной из сессий в рамках Глобальной недели предпринимательства при поддержке USAID. Фото: usaid.gov
Беларускія дзеці, якія ўдзельнічалі ў адной з сесій у рамках Глабальнага тыдня прадпрымальніцтва пры падтрымцы USAID. Фота: usaid.gov

У прыватнасці, у выпадку з незалежнымі СМІ мы лічым, што свабодная прэса адыгрывае вырашальную ролю ў прасоўванні дэмакратыі і прыцягненні ўладаў да адказнасці за іх дзеянні. Як вы выдатна ведаеце, журналісты — гэта аснова свабоды слова, яны забяспечваюць грамадскасць фактамі і робяць урад падсправаздачным грамадзянам. А таму мы супрацоўнічаем з незалежнымі медыя і журналістамі, якія зазналі ганенні з боку беларускіх уладаў. Дапамагаем ім аднавіцца ў выгнанні, захаваўшы пры гэтым аўдыторыю, спрыяем у супрацьстаянні прапагандзе, дзякуючы публікацыі інфармацыі, заснаванай на фактах.

Развіццё грамадзянскай супольнасці — яшчэ адзін ключавы элемент нашай працы. Мы актыўна супрацоўнічаем з партнёрамі з грамадзянскай супольнасці, якія імкнуцца пашырыць магчымасці ўдзелу грамадзян у грамадскім жыцці. Гэта таксама ключавая апора [для дэмакратыі]. Таму мы падтрымліваем грамадзянскую адукацыю.

Ёсць праекты па захаванні ментальнага здароўя і псіхасацыяльнай падтрымцы для беларусаў. Таксама мы дапамагаем былым палітычным зняволеным. Імкнёмся развіваць праграмы лідарства і падтрымліваем развіццё розных груп грамадзянскай супольнасці, бо перакананыя, што яны могуць дапамагчы беларусам у вырашэнні іх праблем — як унутры краіны, так і ў эміграцыі.

Яшчэ адзін ключавы складнік таго, што мы цяпер робім, — гэта праграмы для прыватнага сектара. Мы дапамагаем беларускім прадпрымальнікам спраўляцца з эканамічнымі стрэсамі, дапамагаючы ім пашырацца на заходніх рынках. Стараемся падтрымліваць беларускія бізнесы, каб яны маглі ператвараць свае ідэі ў паспяховыя прадпрыемствы. Гэтая падтрымка ўключае ў сябе доступ да фінансаў і бізнес-паслуг, ведаў і інструментаў, неабходных прадпрымальнікам.

Як вы ведаеце, Беларусь была паспяховым IT-цэнтрам да жніўня 2020 года, калі ўрад Лукашэнкі вырашыў рэпрэсаваць уласнае насельніцтва. Цяпер мы працуем над тым, каб гэтыя прадпрымальнікі маглі, як і раней, засяродзіцца на распрацоўцы інавацый. І, вядома, дапамагаем ім атрымаць такія навыкі і сувязі на Захадзе, якія дазволілі б ім працягваць адыгрываць ключавую ролю ў будучыні Беларусі.

Акция солидарности возле администрации ПВТ 14 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Акцыя салідарнасці каля адміністрацыі ПВТ, 14 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

— Калі я слушна разумею, галоўная мэта — дапамагчы гэтым інстытутам выжыць ва ўмовах выгнання?

— Не зусім. Задача не толькі ў тым, каб яны проста выжылі, але і каб успрынялі сваё выгнанне як выклік і новую магчымасць. Мы б хацелі, каб яны працягнулі развівацца, наладзілі сувязі за межамі Беларусі і прадэманстравалі ключавую ролю, якую грамадзянская супольнасць будзе адыгрываць у будучай дэмакратычнай Беларусі. І, вядома ж, захавалі свае сувязі з людзьмі ўнутры краіны.

— А што USAID робіць для людзей унутры Беларусі?

— Мы бачым вялікае жаданне з боку грамадзян унутры краіны мець права голасу ў будучыні Беларусі, калі гэта стане бяспечна. І стараемся падтрымліваць з імі сувязь. У прыватнасці, падтрымліваем медыя ў выгнанні для стварэння інфармацыі і кантэнту, якія прыносяць карысць беларусам унутры краіны і ёсць для іх альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі.

Але іншыя праекты ў самой Беларусі застаюцца складанымі праз рэпрэсіўнае асяроддзе, якое стварыў рэжым Лукашэнкі. Мы вельмі сур’ёзна ставімся да бяспекі нашых партнёраў, ды і, шчыра кажучы, наогул усіх беларусаў. Таму мы не падштурхоўваем людзей або арганізацыі ўнутры краіны супрацоўнічаць з намі ці выконваць працу, якая была б для іх рызыкоўнай. Дарэчы, некаторыя з нашых праграм уключаюць трэнінгі, у рамках якіх мы расказваем, як беларусы могуць засцерагчы сябе.

З іншага боку, запыт на нашую працу з боку беларусаў у выгнанні цяпер нават перавышае той аб’ём рэсурсаў, якім мы маем. Мы вельмі моцна зацікаўленыя ў дзейнасці беларускай супольнасці ў эміграцыі. І падтрымліваем яе, каб праўдзівая і дакладная інфармацыя працягвала даходзіць да людзей, якія застаюцца ў краіне, а таксама каб тыя, хто знаходзіцца за яе межамі, калі-небудзь змаглі вярнуцца і зноў будаваць сваю будучыню ў Беларусі.

— Пасля 2020 года ўлады разграмілі практычна ўсе няўрадавыя арганізацыі ў краіне…

— Відавочна, што мэта рэжыму — задушыць тых, хто мае незалежныя погляды і мысленне, ды і наогул усіх, хто хоча бачыць свабодную, незалежную і суверэнную Беларусь. І гэтыя амбіцыі ўладаў істотна выраслі з 2020 года. Рэжым Лукашэнкі імкнуўся супрацьстаяць усім тым дзясяткам тысяч галасоў, якія казалі пра неабходнасць пераменаў у краіне да лепшага.

І ўсё ж мы лічым, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць неймаверны патэнцыял. Рэжым Лукашэнкі выкарыстаў вайну — вайну Расіі, якую тая развязала — для далейшага здушэння іншадумства ўнутры краіны. Таму мы сур’ёзна заклапочаныя тым, што адбываецца ў вашай краіне. Але зноў жа, ёсць вялікая надзея [на дэмакратычную будучыню краіны], і да гэтага ёсць патэнцыял.

Насилие на улицах Беларуси после выборов 2020 года. Фото: TUT.BY
Гвалт на вуліцах Беларусі пасля выбараў 2020 года. Фота: TUT.BY

Мы падтрымліваем дэмакратычныя памкненні беларускага народа, якія вельмі выразна адпавядаюць мэтам і інтарэсам замежнай палітыкі ЗША ў рэгіёне. Наогул, нашая мэта вельмі ясная: мы хочам бачыць Беларусь краінай, здольнай заставацца незалежнай і суверэннай, здольнай выбіраць свой шлях мірным і дэмакратычным спосабам. І толькі самі беларусы будуць вызначаць, якой яны хочуць бачыць сваю радзіму, калі жорсткае ўварванне Расіі ва Украіну, як мы верым, скончыцца перамогай апошняй. Мы б хацелі, каб у беларусаў да таго часу захавалася магчымасць выбіраць уласны шлях.

Я па-ранейшаму вельмі аптымістычна гляджу на будучыню Беларусі. І, як і раней, лічу, што існуе крытычная маса беларусаў, якія адданыя дэмакратычнай Беларусі — не толькі цяпер, але і ў доўгатэрміновай перспектыве. Але дэмакратыя складаная. Грамадзяне павінныя працаваць, каб стварыць дэмакратычнае грамадства і захаваць свае свабоды. Беларусы дамагліся ў гэтым дзівоснага прагрэсу — прынялі дэмакратычныя каштоўнасці, змаглі стварыць недзяржаўныя інстытуты. А таму ЗША будуць заставацца партнёрам Беларусі. Пакуль людзі ў вашай краіне адданыя дэмакратыі, мы будзем заставацца надзейнымі партнёрамі для беларускага народа ў пытанні дасягнення больш дэмакратычнай будучыні.

— Адкуль у вас такі аптымізм? Бо сітуацыя за апошнія тры гады стала толькі горшай.

— Я думаю, што рэгіён [Усходняй Еўропы] цяпер знаходзіцца на гістарычным скрыжаванні, і мне здаецца, што дзеянні рэжыму ў Маскве — выразная прыкмета яго фундаментальнай слабасці, вялізнага ўнутранага перанапружання пуцінскага рэжыму. І дакладна гэтак жа ўсе, хто стаў на бок Расіі, таксама дзейнічаюць з пазіцыі ўразлівасці і слабасці, а не з пазіцыі ўласнай сілы.

Ведаеце, паўтара года таму здавалася відавочным, што Масква праз свае проксі ў Беларусі зможа заспець знянацку, нанесці ўдар па ўрадзе ва Украіне і такім чынам захапіць суверэнную, незалежную краіну. Але цяпер відавочна, што гэты план праваліўся. Тое, што мы цяпер бачым, для мяне адназначна. Мы бачым Украіну ў контрнаступленні. Мы бачым жывую і незалежную ўкраінскую дзяржаву, якая змагаецца за сваю свабоду. Мы бачым міжнародную супольнасць, якая згуртавалася, каб падтрымаць Украіну, падтрымаць курс на супрацьдзеянне расійскай агрэсіі ў рэгіёне.

Уничтоженная военная техника на одной из улиц города Буча в Киевской области, Украина, 1 марта 2022 года. Фото: Reuters
Знішчаная ваенная тэхніка на адной з вуліц горада Буча ў Кіеўскай вобласці, Украіна, 1 сакавіка 2022 года. Фота: Reuters

Вы напэўна ўбачылі адзінства і ў тым, як мы падыходзім да Беларусі. Мы сталі сведкамі ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць беларускага рэжыму, узмацнення крытыкі і ізаляцыі рэжыму, маштабавання падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл. Мы вельмі выразна і цвёрда прадэманстравалі рашучасць у тым, каб даць зразумець, што інтарэсы трансатлантычнай супольнасці распаўсюджваюцца на Украіну і Беларусь.

У выніку лёсавызначальнага рашэння, прынятага [Крамлём] у лютым мінулага года — і я думаю, што падзеі на мінулых выходных гэта дэманструюць (гаворка пра спробу мяцяжу ПВК Вагнера. — Заўв. рэд.), — мы бачым фундаментальныя расколіны ў пуцінскім рэжыме, слабасць, а таксама велізарную магчымасць для падтрымкі нашых інтарэсаў і падтрымкі тых грамадстваў у рэгіёне, якія шукаюць пераменаў.

— Якія ўмовы патрэбныя Беларусі, каб стаць дэмакратычнай і не страціць свой суверэнітэт пасля вайны?

— Я думаю, што асноўны фактар трансфармацыі — прыхільнасць беларускага народа пошуку лепшай будучыні для сваёй краіны. І гэтая прыхільнасць, я думаю, застаецца моцнай. Мы бачым гэта як сярод беларусаў, якія аказаліся ў выгнанні, так і сярод тых, хто застаўся ў краіне і падтрымлівае з імі сувязь. Маркеры попыту [грамадства на дэмакратыю ў Беларусі] відавочна ёсць. Відавочная дэмакратычная арыентацыя беларусаў, што, я думаю, крытычна важна і для забяспечання міру ва Украіне.

У выніку ўстойлівыя рэпрэсіі, якія толькі разганяюцца ў Беларусі, імаверна, акурат з’яўляюцца адказам на попыт на перамены ўнутры краіны, які застаецца. І па меры таго як рэжым зазнае ўсё большую роспач, адчувае сябе ўсё больш ізаляваным і ўсё больш няўстойлівым, ён усё мацней накідваецца на сваё насельніцтва і рэпрэсуе яго. Вядома, гэта жудасна сумна, але, я думаю, што ў той жа час гэта знак і ўказанне на тое, што ўнутры Беларусі ўсё яшчэ ёсць прага пераменаў.

Свет натхніўся беларускім народам, самой Беларуссю і яе жанчынамі падчас мірных пратэстаў. А таму мы працягнем абараняць народ Беларусі, які сутыкаецца з неймавернай жорсткасцю, калі спрабуе рэалізаваць свае дэмакратычныя свабоды.

Акция протеста против фальсификации результатов выборов и насилия в Гродно, 16 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту ў Гродне, 16 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

— У беларускім грамадстве існуе дыскусія на тэму таго, як неабходна вызваляць палітвязняў. Частка людзей лічыць, што варта прапанаваць Лукашэнку зняць санкцыі ў абмен на выхад гэтых людзей з турмаў. А ці ёсць нейкія сігналы ад беларускіх чыноўнікаў, што яны гатовыя на дыялог па гэтай праблеме?

— На жаль, мы назіраем у асноўным супрацьлеглае: затрыманні ўнутры Беларусі і рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца ў выгнанні. Пра шэраг затрыманых апазіцыянераў нічога не вядома — ні іх месцазнаходжанне, ні стан здароўя. Такім чынам, мы не бачым сігналаў, якія, на нашую думку, прадэманстравалі б адкрытасць або гатоўнасць рэжыму Лукашэнкі вызваліць палітычных зняволеных.

Але мы, вядома, застаёмся адкрытымі да дыялогу. Неабходна вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, і мы вельмі цвёрда ў гэта верым. Трэба пакласці канец рэпрэсіям супраць беларускага народа і ў выніку пакласці канец суўдзелу Беларусі ў поўнамаштабным уварванні Расіі. Усё, што мы робім, мусіць быць скіраванае на гэтыя мэты.

Чытайце таксама