Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, што рабіць з пакінутымі замежнікамі прадпрыемствамі: «Сышлі гаспадары — да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не хочаце, з гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізаванае». Адпаведныя ўказанні ён даў падчас разгляду кадравых пытанняў, перадае яго прэс-служба.
«Прадпрыемствы, якія былі заснаваныя замежным інвестарам або прыватызаваныя, і замежны інвестар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёння (гэта ў асноўным з недружалюбных краін і іншых) сышлі — памахайце ім рукой, перажагнайцеся, што яны пакінулі вам уласнасць. Усё ж ёсць. Ігар Пятровіч (кіраўнік адміністрацыі Ігар Сяргеенка. — Заўв. рэд.), я ж вам на прыкладзе „Макдональдса“ гэта казаў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта ўжо наша прадпрыемства, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не захацелі працаваць — ну як хочаце. Нашы людзі не дурнейшыя, каб, як я казаў, гэтую булачку разрэзаць і ўпіхнуць туды лісты салаты або кавалак каўбасы. Дакладна так і тут. Усё ж засталося. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, то я б паздымаў галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не мусіце гэтага дапусціць».
Як заявіла яго прэс-служба, новы старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік згадаў завод зварачных электродаў, які пакуль прыпыніў працу з прычыны сыходу прадстаўнікоў украінскага бізнесу, цяпер вырашаецца пытанне пра змену ўласніка.
«Мы ж дамаўляліся. Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія ці фінскія гаспадары — людзі застаюцца, тэхналогіі застаюцца, вытворчасць існуе. Электроды патрэбныя. Ігар Пятровіч, гэта прыклад вашай з Галоўчанкам жастачайшай нястрымнай валакіты і бюракратызму. Якую змену ўласніка? Я вам даў указанне: сышлі гаспадары — да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не хочаце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізаванае. Чаго мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода — па годзе?!» — заявіў Лукашэнка.
Звяртаючыся да Дзмітрыя Шабетніка, ён сказаў: «Лічыце, што гэтае прадпрыемства вашае. І па прыездзе неадкладна рэалізуйце гэтае ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам дадуць адказ. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да Новага года памяняюць уласніка».
Аналагічная сітуацыя і з IKEA.
«Ах, „ІКЕА“!.. Да пабачэння! Мы гэтыя табурэткі, крэслы і іншае зробім. Або дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар — ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі. Хтосьці там прыйшоў-сышоў… Добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж „ІКЕА“ ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвеставалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі „Ідзіце“ — яны сышлі. Да пабачэння. А вось вернем мы іх назад ці не — пытанне», — дадаў Лукашэнка.
Як развівалася гісторыя з «Макдональдс» у Беларусі
Як стала вядома 11 лістапада, «Макдональдс» пакідае беларускі рынак. Яго месца зойме расійская сетка фастфуду «Вкусно — и точка». Гэта сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў памяшканнях McDonald’s пасля яго закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларуси 22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход «Макдональльс», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца мусяць заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада рэстараны пачалі працаваць без шыльдаў «Макдональдс» або «Вкусно — и точка». З таго часу ўстановы юрыдычнай асобы «КСБ Виктори Рестораны» працуюць пад «пустым брэндам»: без назваў і лагатыпаў, аднак з новым меню, якое не ўсім прыйшлося даспадобы.