У распараджэнне арганізацыі BELPOL трапіла фінансавая справаздача ўпраўлення фінансаў і тылу (УФіТ) ГУУС Мінгарвыканкама за першае паўгоддзе 2024 года. З дакумента можна даведацца, напрыклад, на чым зарабляла мінская міліцыя і наколькі ў сярэднім выраслі даходы яе супрацоўнікаў за гэты перыяд.
УФіТ ГУУС Мінгарвыканкама адказвае за матэрыяльна-фінансавую базу мінскіх РУУС і самога ГУУС. Яно ўваходзіць у склад Дэпартамента фінансаў і тылу (ДФіТ) МУС, які займаецца фінансаваннем падраздзяленняў МУС, бюджэтным планаваннем і кантролем выдаткаў, а таксама матэрыяльна-тэхнічным забяспечаннем і кіраваннем маёмасцю беларускіх сілавых структур.
Як сказана ў даведцы пра вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці УФіТ ГУУС за першае паўгоддзе 2024 года, «з асноўнымі задачамі па фінансавым забяспечанні службовай дзейнасці органаў і падраздзяленняў ГУУС у цэлым удалося справіцца».
У прыватнасці, з мэтай матэрыяльнага стымулявання супрацоўнікам і службоўцам мінскай міліцыі за 6 месяцаў 2024 года выплацілі 15,51 млн рублёў у выглядзе прэмій і ўзнагародаў, 7,1 млн рублёў у якасці матэрыяльнай дапамогі.
Гэта дазволіла павялічыць сярэдні даход сілавікоў на 11% — зрэшты, незразумела, наколькі раўнамерна размеркаваныя гэтыя выплаты паміж рознымі катэгорыямі супрацоўнікаў і наколькі яны адпавядаюць узроўню інфляцыі.
Як вынікае са справаздачы, за першае паўгоддзе 2024 года даходы ГУУС Мінгарвыканкама склалі 7,89 млн рублёў, а чысты прыбытак — 4,96 млн рублёў. Паступленні ад пазабюджэтнай дзейнасці да аналагічнага перыяду мінулага года паказалі рост на 30%, а па адміністрацыйных працэдурах — рост на 31%. І гэта пры тым, што даведзены МУС паказчык складаў усяго +10%.
Самыя прыбытковыя крыніцы даходаў мінскай міліцыі:
- прадстаўленне навучальнага аўтамабіля падчас здачы экзамену ў ДАІ — 812,8 тысячы рублёў (+25%);
- падбор рэгістрацыйных знакаў для юрыдычных асобаў (116,3 тысячы рублёў, +64%) і фізічных асобаў (448 тысячы рублёў, +23%);
- індывідуальны выраб нумарных знакаў — 162,8 тысячы рублёў для юрыдычных асобаў (+102%) і 328,7 тысячы рублёў для фізічных асобаў (+49%);
- захоўванне рэгістрацыйных знакаў — 257 тысяч рублёў (+25%);
- афармленне заяваў і анкет ва УГіМ — 175,9 тысячы рублёў (+81%);
- СМС-паведамленні — 41,6 тысячы рублёў (+62%);
- выезд супрацоўнікаў для збору біяметрыі — 9 тысяч рублёў (+44%);
- ахова грамадскага парадку — 151,3 тысячы рублёў (рост у чатыры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).
Такім чынам, міліцыя Мінска актыўна зарабляе на адміністрацыйных паслугах, а значную частку свайго бюджэту фармуе за кошт грамадзян. Прычым значныя тэмпы росту дэманструюць зборы за «прывілеяваныя» паслугі ў ДАІ накшталт вырабу нумароў на індывідуальную замову.
Яшчэ адзін цікавы пункт — сума пазычанасці перад ГУУС, а таксама прычыны яе з’яўлення. Як выявілася, на пачатак 2024 года пазычанасць склала 344,4 тысячы рублёў, з якіх 82% звязаныя з нявернутымі выплатамі звольненых супрацоўнікаў па кантрактах. А цягам справаздачнага паўгоддзя доўг павялічыўся яшчэ на 56,7 тысячы рублёў.
Усяго 63 чалавекі сышлі са службы ў міліцыі, так і не вярнуўшы названыя кантрактныя выплаты. Сярод падраздзяленняў з найбольшымі сумамі пазычанасці:
- Заводскае РУУС — 40,4 тысячы рублёў (8 чалавек),
- Першамайскае РУУС — 32,8 тысячы рублёў (4 чалавекі);
- Партызанскае РУУС — 26,15 тысячы рублёў (6 чалавек);
- Цэнтральнае РУУС — 23,9 тысячы рублёў (9 чалавек);
- Фрунзенскае РУУС — 23,6 тысячы рублёў (7 чалавек);
- Кастрычніцкае РУУС — 23,4 тысячы рублёў (4 чалавекі);
- АМАП — 22,5 тысячы рублёў (6 чалавек).
«Пытанне спагнання пазычанасці застаецца актуальным з прычыны таго, што частка даўжнікоў — неплацежаздольная з прычыны знаходжання ў месцах пазбаўлення волі альбо за межамі Рэспублікі Беларусь», — удакладняецца ў справаздачы.
Акрамя таго, за першае паўгоддзе 2024 года са складоў ДФіТ МУС сілавым падраздзяленням было перададзена:
- 3 гранатамёты АГС-17 «Пламя» (30 мм);
- 3 супрацьтанкавыя гранатамёты СПГ-9 (73 мм);
- 10 пісталет-кулямётаў Калашнікава ППК-20 (9 мм).