Пуцін заявіў, што быў згодны абмяняць Навальнага — але з адной умовай
18 сакавiка 2024 у 1710711720
«Зеркало»
Уладзімір Пуцін паведаміў, што быў згодны абмяняць памерлага ў расійскай калоніі палітыка Аляксея Навальнага на некалькі расіян, што адбываюць пакаранне на Захадзе. Такую заяву ён зрабіў 17 сакавіка, выступаючы на прэс-канферэнцыі, піша ТАСС.
- За некалькі дзён да сыходу спадара Навальнага з жыцця мне некаторыя людзі сказалі, што ёсць ідэя абмяняць спадара Навальнага на некалькі людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ў заходніх краінах. Вы можаце мне верыць, можаце не, але чалавек, які са мной гаварыў, яшчэ фразу не паспеў скончыць, а я сказаў: «Я згодны». <…> Толькі з адной умовай: мы яго памяняем, але каб ён не вяртаўся - няхай там сядзіць, - заявіў Пуцін, дадаўшы, што «на жаль, здарылася тое, што здарылася».
Падчас свайго выступу ён назваў Навальнага па прозвішчы і сказаў, што яго смерць - «сумная падзея». Раней у публічных выступах расійскі палітык выкарыстоўваў эўфемізмы, гаворачы пра аднаго са сваіх галоўных апанентаў. Так, напрыклад, ён называў Навальнага «берлінскім пацыентам», «тым персанажам», «Саакашвілі расійскага фармату». У 2017 годзе прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў тлумачыў гэта «стаўленнем кіраўніка дзяржавы да апазіцыянера».
На заяву Пуціна адрэагавалі паплечнікі Аляксея Навальнага.
«У мяне пакуль няма словаў. Якая ж цынічная хлуслівая м***ь. Немагчыма ўявіць», - напісала ў сацсетцы Х кіраўніца расійскага Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Марыя Пеўчых.
«Пуцін забіў Аляксея Навальнага», - напісаў Леанід Волкаў.
Раней «Агентство» паведаміла, што 16 лютага, у дзень смерці Навальнага, Уладзімір Пуцін абмяркоўваў ягоны абмен падчас асабістай сустрэчы з мільярдэрам Раманам Абрамовічам і нават пагадзіўся на ўгоду.
Журналіст Хрыста Грозеў, знаёмы з планамі абмену, таксама чуў, што Пуцін, імаверна, пагадзіўся на яго.
- З таго, што мы ведалі ў апошнія дні перад забойствам, было ўражанне, што ён (нават на здзіўленне перамоўшчыкаў з расійскага боку) пагадзіўся, - паведаміў Грозеў «Агентству».
Пра магчымы абмен гаварылі і паплечнікі Аляксея Навальнага. Як расказала Марыя Пеўчых у пачатку лютага, Пуціну прапанавалі абмяняць афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, які адбывае тэрмін у Берліне, на двух амерыканскіх грамадзян і Аляксея Навальнага. Красікаў, таксама вядомы як Вадзім Сакалоў, быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі, які ў пачатку 2000-х ваяваў супраць расійскіх войскаў на баку чачэнскіх сепаратыстаў.
- Я атрымала пацверджанне таго, што перамовы вядуцца і знаходзяцца на фінальнай стадыі, увечары 15 лютага, - заявіла Пеўчых.
На наступны дзень, 16 лютага, ФСВП Расіі паведаміў пра гібель Аляксея Навальнага пасля прагулкі ў калоніі. На думку Марыі Пеўчых, апазіцыянера «подла і баязліва» забілі расійскія ўлады.
Чытайце таксама