Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
13 сакавiка 2025 у 1741872900
Максім Іскрын / «Зеркало»
На выбарах у Беларусі выбаршчыкі галасавалі не столькі за кандыдатаў, колькі за далейшы курс замежнай палітыкі нашай краіны: «мы з Расіяй» або «недзе там». Пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Падчас размовы з Пуціным Аляксандр Лукашэнка назваў завышаныя лічбы і пра яўку на выбарах, якія прайшлі ў студзені, і пра колькасць тых, хто прагаласаваў за яго:
- Нашых людзей прытрымлівалі: у СМІ і іншае, каб яны не хадзілі на выбары. Але [яўка склала] звыш 90% (насамрэч, паводле звестак ЦВК, яўка склала 85,69%. - Заўв. рэд.) і 87 з лішнім працэнтаў прагаласавалі за дзейнага прэзідэнта (насамрэч, паводле звестак ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 86,82%. - Заўв. рэд.).
Далей Лукашэнка заявіў, што на выбарах выбаршчыкі выбіралі не столькі кандыдатаў, колькі далейшы замежнапалітычны курс краіны.
- Гэта было галасаванне: мы з Расіяй, усходні наш вектар, тут нашая калыска ці недзе там. Ну вось і адказ. Народ даў адказ, - расказаў Пуціну палітык, не ўдакладніўшы, які з чатырох зарэгістраваных праўладных кандыдатаў выступаў за выбудоўванне адносін не з РФ, а з краінамі, якія знаходзяцца «недзе там».
Лукашэнка папрасіў Пуціна «ніколькі не сумнявацца», што і ён сам, і ягоныя калегі, чальцы ўрада, дэпутаты - «прыхільнікі цесных адносін» з Расіяй.
- Мы пацвердзілі гэта ў нашай адзінай барацьбе, у сённяшняй, вастрыём якой з'яўляецца канфлікт ва Украіне. Мы заўсёды прытрымліваліся такога курсу, і самае важнае, што народ прадэманстраваў. Нашыя людзі выдатна разумеюць, дзе нашыя сябры, а дзе нашыя ворагі і супернікі, - запэўніў Лукашэнка.