«Чыгуначнікі»: Замест краін Балтыі з'явіўся новы маршрут для паставак люксавых аўто ў Беларусь у абыход санкцый
27 студзеня 2025 у 1737982500
Вера Караўская / «Зеркало»
Люксавыя аўтамабілі па-ранейшаму трапляюць у Расію ў абыход санкцый. Важную ролю ў гэтай схеме адыгрываюць беларускія лагістычныя кампаніі, якія забяспечваюць функцыянаванне альтэрнатыўных маршрутаў: калі раней яны праходзілі праз краіны Балтыі, то цяпер - праз Турцыю і Іран, сцвярджае «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Раней «антысанкцыйныя» схемы ўключалі перавозку дарагіх аўто з ЕС у краіны Балтыі, напрыклад Латвію, а потым іх транспартаванне праз Беларусь у Расію. Аднак пасля такія маршруты былі заблакаваныя, у прыватнасці, спыненыя чыгуначныя пастаўкі аўтамабіляў праз Латвію.
«Аднак з мэтай задавальнення попыту расійскага рынку на аўтамабілі класу люкс была распрацаваная альтэрнатыўная лагістычная схема, якая значна падаўжае і падаражае маршрут дастаўкі, але менш залежная ад уплыву еўрапейскіх паўнамоцных органаў, якія кантралююць выкананне санкцый», - адзначае супольнасць.
Паводле звестак чыгуначнікаў, новая схема дастаўкі люксавых аўто ўяўляе сабой абыходны маршрут з марскіх партоў ЕС (у асноўным краін Балтыі) і непасрэдна ад пастаўшчыкоў у Еўропе праз Турцыю, Іран, Туркменістан, Казахстан, Расію і Беларусь. У Беларусі адбываецца размытненне аўтамабіляў, у асноўным у лагістычным цэнтры «Брэміна-груп» (Болбасава), які адзначаецца як нібыта канчатковы пункт іх руху. Пасля легалізацыі ў Беларусі аўтамабілі скіроўваюцца да канчатковых пакупнікоў у Расію.
Адзначаецца, што ўвесь шлях ад іранскай мяжы да беларускіх станцый праходзіць чыгункай, а транспартуюць машыны ў спецыяльных крытых вагонах-аўтамабілевозах.
Пры гэтым значная частка рухомага саставу для перавозкі аўтамабіляў належыць Літоўскім чыгункам (LTG), якія здаюць вагоны ў арэнду, нягледзячы на павялічаны час абароту праз вялізную адлегласць маршруту - каля 4,5 тысячы км. Тэрмін дастаўкі складае каля месяца.
Акрамя таго, кампаніі, якія ўдзельнічаюць у перавозках, часта заносяць непраўдзівыя звесткі ў транспартныя накладныя - напрыклад, пішуць няправільную вагу ці код тавару. Усё гэта для таго, каб схаваць фактычны канчатковы пункт прызначэння грузу і вывесці яго з-пад санкцый.
Мяркуецца, што ў 2025 годзе аб'ёмы перавозак па гэтай схеме могуць вырасці, нягледзячы на яе высокі ў параўнанні з латвійскім маршрутам кошт. Пры гэтым кампаніі, што ў ёй удзельнічаюць, здабываюць выгаду за кошт канчатковых пакупнікоў, якія аплачваюць дадатковыя транспартныя выдаткі.
Сярод транспартных кампаній, якія такім чынам узбагачаюцца, супольнасць называе ТАА «Рузэкспедыцыя», а таксама кампаніі, якія належаць аднаму з «кашалькоў» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву.
Нагадаем, 23 сакавіка мінулага года на польскай мяжы пачалі разварочваць аўто на транзітных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэйшыя за 50 тысяч еўра, перагоншчыкі машын паехалі на пункты пропуску ў Літву і Латвію. З 26 сакавіка 2024-га ў адзіным на мяжы з Беларуссю латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» таксама ўвялі аналагічную польскай забарону, там адзначалі, што абмежаванні звязаныя з санкцыямі на ўзроўні ЕС. З 29 сакавіка абмежаванні ўвяли і ў Літве.
Паводле інфармацыі расследавальнікаў праекта «Бюро», на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы - амаль да 1,5 млрд еўра, а ў 2023 годзе перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на звесткі Еўрастата. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў даляраў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі, перакананыя расследавальнікі.
Чытайце таксама