Улады першай дружалюбнай краіны павіншавалі Лукашэнку з «перамогай» на выбарах
27 студзеня 2025 у 1737955260
Вера Караўская / «Зеркало»
Урад Венесуэлы павіншаваў беларусаў з «уражлівай яўкай» на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня і «перамогай» у іх Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС краіны Івана Хіля.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
«Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла віншуе народ і ўрад Рэспублікі Беларусь з масавым удзелам грамадзян у прэзідэнцкіх выбарах, яўка на якіх склала 85,70%. Гэта дэмакратычнае мерапрыемства сведчыць пра прыхільнасць беларускага народа да міру, стабільнасці і свайго суверэнітэту», - пракаментаваў Хіль.
Акрамя таго, Венесуэла выказвае «самыя шчырыя віншаванні прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку з яго пераабраннем». Абвешчаныя ЦВК папярэднія 86,82% галасоў за палітыка, як сцвярджаецца, адлюстроўваюць «давер народа да яго лідарства і здольнасці кіраваць краінай у перыяд з 2025 да 2030 года».
«Венесуэла зноў пацвярджае сваё сяброўства і братэрскія адносіны з Беларуссю, з якой аб'яднаная агульнымі каштоўнасцямі ўзаемнай павагі, суверэнітэту і незалежнасці, а таксама выказвае гатоўнасць працягваць умацаванне двухбаковага супрацоўніцтва ў інтарэсах абодвух народаў», - гаворыцца ў віншаванні.
Нагадаем, паводле звестак падкантрольнага беларускім уладам ЦВК, за Алега Гайдукевіча прагаласавала 2,02% апытаных; за Ганну Канапацкую - 1,86%; за Аляксандра Лукашэнку - 86,82%, Сяргей Сыранкоў набраў 3,21% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк - 1,74%, супраць усіх - 3,6%.
Канчатковыя вынікі выбараў будуць падведзеныя 3 лютага.
Паводле папярэдніх звестак ЦВК, Аляксандр Лукашэнка пабіў уласны рэкорд «народнай падтрымкі».