Беларуская карта Пуціна
20 студзеня 2022 у 1642656180
«Зеркало»
10 лютага ў Беларусі пачынаюцца маштабныя беларуска-расійскія вучэнні. Паведамлялася, што войскі з Расіі на гэтыя вучэнні пачалі прыбываць нават да іх афіцыйнага абвяшчэння. Паводле інфармацыі, якая высвятляецца, гэта даволі вялікі кантынгент вельмі баяздольных вайсковых частак. Таксама з'яўляюцца звесткі пра тое, што салдатаў гэтага кантынгенту папярэджваюць, што, магчыма, ім давядзецца затрымацца ў Беларусі на некалькі месяцаў.
Гэта вайна, гэта вайна з беларускай тэрыторыі, а, магчыма, і з удзелам беларускіх вайскоўцаў? Неабавязкова.
Стратэгія Уладзіміра Пуціна палягае зусім не ў тым, каб захапіць яшчэ некалькі тэрыторый Украіны ці яе ўсю. Ён дамагаецца змены глабальных правіл геапалітычнай гульні ў свеце і прынамсі ў Еўропе. Інструментам гэтых намаганняў з'яўляецца ўзмацненне вайскова-палітычнага ціску, «трымаць нашых партнёраў у напружанасці» - як ён казаў неаднойчы.
Прамы напад, вайна могуць прывесці да непажаданых для самога Крамля наступстваў - гэта і абяцаныя санкцыі, і людскія страты, і нечаканасці вайны, і рызыка яе эскалацыі і ператварэння ў сусветную вайну, чаго ён наўрад ці хоча.
Іншая справа - падтрыманне, узмацненне напружанасці, павелічэнне няпэўнасці для «шаноўных партнёраў». Вучэнні ў Беларусі - гэта яшчэ адзін фронт у вайне нерваў. Ці ўдарыць расійская армія па Украіне з Беларусі, ці застануцца ў Беларусі расійскія войскі пасля вучэнняў ці пасля гіпатэтычнай вайсковай аперацыі, ці адна Украіна можа стаць аб'ектам такой аперацыі - гэта ўсё дадатковыя няпэўнасці, якія Крэмль стварае для заходніх і ўкраінскіх палітыкаў і вайскоўцаў.
І адказы салдатаў кантынгенту, які накіроўваецца ў Беларусь, наконт таго, што іх «камандзіроўка» можа зацягнуцца, могуць быць часткай «дымавой заслоны», падвышэння той самай няпэўнасці: можа зацягнуцца, а можа і не.
Для Украіны гэта ў любым выпадку ўскладненне стратэгічнага планавання адпору гіпатэтычнага нападу - дык будзе Расія нападаць з поўначы ці не, калі так, то колькі сіл трэба перакінуць на паўночную мяжу, колькі сродкаў выдаткаваць на мадэрнізацыю ці аднаўленне абарончых збудаванняў на мяжы з Беларуссю. А калі гэта «дымавая заслона», падманны манеўр, то, мо, мэта яго і палягае ў тым, каб Украіна распыляла свае сілы, тузалася, траціла грошы на абарону фронту, праз які насамрэч і не збіраюцца нападаць.
Яшчэ адна невядомая ў гэтым палітычным ураўненні - калі вучэнні ўсё ж перарастуць у напад на Украіну (а можа, дарэчы, і не толькі на яе), ці будуць у гэтым удзельнічаць беларускія вайскоўцы? Тое, што будуць спрыяць, дапамагаць, забяспечваць вайсковую лагістыку - дык тут і сумневаў няма. Але вось менавіта ваяваць... Гэта пытанне. Відавочна, што Лукашэнку гэтага вельмі не хочацца. Можна казаць пра пэўныя ступені страты незалежнасці, дык вось гэтая - адна з апошніх.
Аднак з іншага боку паляцелі ж беларускія вайскоўцы ў Казахстан у складзе місіі АДКБ. Напэўна, знайшлося б у Расіі яшчэ пару соцень дэсантнікаў, каб яны паляцелі ў Казахстан замест беларусаў. Але было пытанне прынцыпу, дэманстрацыя салідарнасці, саюзніцтва, супольнага рашэння. Ну дык і адносна Украіны можа ўзнікнуць патрэба ў такой дэманстрацыі з боку Лукашэнкі. Праўда, падаўленне абурэнняў у саюзнай дзяржаве і ўдзел у нападзе на суседнюю дзяржаву - рэчы крыху розныя. Але на пэўным этапе, у пэўнай сітуацыі, магчыма, ужо і аднолькавыя.
Але мяркую, што і для Украіны, і для Захаду гэта будзе крытэрыем. Калі беларускія вайскоўцы наўпрост будуць удзельнічаць у нападзе, увесь набор мер адносна Расіі будзе распаўсюджаны і на Беларусь. Калі наўпроставага ўдзелу не будзе - не ўвесь набор мер будзе распаўсюджаны на Беларусь. Прамы ўдзел у нападзе - гэта крытэрый.
У вучэннях, тэрміны заканчэння якіх нават пакуль не вызначаныя, насамрэч большая небяспека тычыцца ўласна Беларусі і яе міжнароднай ролі. Пэўны час таму амерыканскія даследчыкі адзначалі, што ўвод расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі можа наагул стаць адзіным вынікам пуцінскай палітыкі ўльтыматумаў і напампоўвання напружання. Паводле сцэнароў гэтых экспертаў, нападу на Украіну можа і не быць, Пуцін пад выглядам падрыхтоўкі нападу проста возьме Беларусь пад свой, значна больш шчыльны, чым зараз, вайсковы кантроль. І гэтым нават і абмяжуецца.
Гэта, безумоўна, змена сітуацыі ў сферы бяспекі ў рэгіёне. Усе ранейшыя развагі, што Беларусь у вайсковым сэнсе - гэта амаль Расія, будуць выглядаць паэтычнымі метафарамі. Ля межаў Польшчы, Літвы, Латвіі і на поўначы Украіны ўстануць рэальныя расійскія войскі. Магчыма, і ўдарная зброя, а можа, нават і тактычная ядзерная.
Расійскі галоўны перамоўшчык з ЗША Сяргей Рабкоў казаў на мінулым тыдні, што, калі ўльтыматум Крамля ЗША не прымуць, у адказ Масква створыць пагрозы для бяспекі Амерыкі. Вайсковы кантроль над Беларуссю - адзін з варыянтаў. Прычым гэта варыянт, які, наагул кажучы, неабавязкова павінен выклікаць «пякельныя» санкцыі.
Калі справа гэтым і абмяжуецца, беларусам ад таго, зразумела, будзе мала радасці. Хіба ад таго, што з іх зямлі і з іх удзелам вайна не абрынецца на ўкраінскіх суседзяў. Прынамсі, цяпер.