У Літве на мяжы з Беларуссю спынілі цягнік з Расіі з правакацыйнымі надпісамі. Праваднікам давялося сціраць іх пяском
4 кастрычнiка 2024 у 1728017520
Вера Караўская / «Зеркало»
Літоўскія памежнікі на мяжы з Беларуссю спынілі транзітны цягнік Масква - Калінінград, на якім былі забаронены ў Літве сімвал Z і іншыя правакацыйныя надпісы. Начальнікам цягніка разам з праваднікамі давялося ўласнаручна сціраць іх пяском, каб ехаць далей, паведамілі ў Службе аховы дзяржмяжы Літвы.
Інцыдэнт адбыўся ў мінулую сераду на памежным з Беларуссю чыгуначным пункце пропуску «Кяна», туды прыйшоў транзітны цягнік Масква - Калінінград. На адным з вагонаў літоўскія памежнікі заўважылі забаронены ў краіне сімвал Z і надпіс ZOV, якія выкарыстоўваюць у Расіі ў акцыях у падтрымку вайны. На іншым вагоне быў надпіс на рускай мове (з няправільным напісаннем назвы горада): «Вилюнус - город России».
Персанал цягніка прымусілі неадкладна прыбраць усе надпісы - супрацоўнікам патлумачылі, што калі надпісы не прыбяруць, то пасажырам давядзецца перасесці ў іншыя вагоны, а вагоны з надпісамі адчэпяць і не прапусцяць на тэрыторыю Літвы.
Начальнік цягніка разам з праваднікамі былі вымушаныя адціраць надпісы пад наглядам памежнікаў з дапамогай ануч і пяску.
Цягнік не быў затрыманы і пасля ўсіх праверак паехаў далей вызначаным маршрутам.